На главную страницу На главную страницу  
На главную страницу На главную страницу
На главную страницу На главную страницу   На главную страницу
На главную страницу   На главную страницу
ЦАРКВА І ВІЧ/СНІД

русский | english

Канцэпцыя ўдзелу Рускай Праваслаўнай Царквы
ў змаганні з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІДу
і работы з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам

ЗМЕСТ

УВОДЗIНЫ
ЧАСТКА I. БАГАСЛОЎСКIЯ I ЭТЫЧНЫЯ АСПЕКТЫ ХВАРОБЫ
ЧАСТКА II. ЗАДАЧЫ ПА АРГАНIЗАЦЫI ЦАРКОЎНАЙ РАБОТЫ
З ЛЮДЗЬМI, ЯКIЯ ЖЫВУЦЬ З ВІЧ/СНІДАМ, I IХ БЛIЗКIМI

ЧАСТКА III. СУПРАЦОЎНIЦТВА З ДЗЯРЖАВАЙ I ГРАМАДСТВАМ

Уводзіны

Напрыканцы ХХ стагоддзя народы, якія знаходзяцца пад акармленнем Рускай Праваслаўнай Царквы, услед за многімі краінамі свету сутыкнуліся з эпідэміяй інфекцыі віруса імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).

Сёння гэтая эпідэмія, якая закранае ў першую чаргу моладзь і эканамічна актыўнае насельніцтва і патрабуе ўсё большых выдаткаў на лячэнне хворых, з'яўляецца адной з найбольш сур'ёзных пагроз для краін СНД.

Пажыўным асяроддзем эпідэміі ВІЧ у нашых краінах з'яўляецца масавае распаўсюджванне асацыяльных і амаральных формаў паводзін: неўпарадкаваных палавых кантактаў і ўжывання ін'екцыйных наркотыкаў. У той самы час нярэдкімі з'яўляюцца выпадкі, калі заражэнне адбываецца з прычыны неахайнасці медыцынскага персаналу, у выніку згвалтавання, нявернасці мужа ці жонкі; расце колькасць дзяцей, народжаных ад ВІЧ-інфіцыраваных маці. Захворванне, якое першапачаткова распаўсюджвалася сярод "груп рызыкі", паступова ахоплівае ўсё шырэйшыя пласты грамадства.

Руская Праваслаўная Царква ў асобах свяшчэннаслужыцеляў і прыхаджан бярэ ўдзел у змаганні з эпідэміяй віруса імунадэфіцыту чалавека / сіндрома набытага імунадэфіцыту (СНІДу) і ў пераадоленні яе наступстваў.

Усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і людзьмі, Царква лічыць сваім першачарговым абавязкам даць духоўна-маральную ацэнку эпідэміі ВІЧ/СНІДу. Сацыяльныя і медыцынскія фактары і з'явы, якія спрыяюць стварэнню так званых груп рызыкі, з'яўляюцца прычынамі эпідэміі ВІЧ толькі апасродкавана і другасна. Сапраўднай жа першапрычынай і крыніцай імклівага распаўсюджвання эпідэміі з'яўляецца памнажэнне граху і беззаконня, якое дасягнула нябачаных раней памераў, страта грамадствам фундаментальных духоўных каштоўнасцей, маральных асноў і арыенціраў. Усе гэтыя разбуральныя працэсы сведчаць пра цяжкія духоўна-маральныя хваробы, што ахапілі грамадства, якія, у выпадку іх паслядоўнага развіцця, могуць прывесці да больш маштабнай катастрофы.

Царква ясна сведчыць, што хваробы і звязаныя з імі пакуты, у тым ліку перажываныя хворымі адчужанасць і ганьба з боку тых, хто іх акружае, - гэта наступствы граху, пагарды запаведанымі Богам маральнымі нормамі і інтарэсамі бліжніх. Выкрываючы грэх, Царква, паводле прыкладу свайго Госпада, здзяйсняе служэнне міласэрнасці ў адносінах да хворых. Царква праводзіць работу з нарказалежнымі, якія складаюць асноўную групу рызыкі захворвання ВІЧ/СНІДам. У апошні час ВІЧ-інфіцыраваныя ўсё часцей апынаюцца ў сферы пастырскай апекі прыходскіх святароў.

Пакліканне Царквы ў сітуацыі эпідэміі ВІЧ/СНІДу не адрозніваецца ад стагоддзямі выконванага ёю служэння, ускладзенага на яе Богам. У той самы час сённяшняя сітуацыя з эпідэміяй ВІЧ/СНІДу з'яўляецца шмат у якіх адносінах новай для Царквы і мае сваю спецыфіку, звязаную з характарам захворвання, яго маральнымі каранямі і сацыяльнымі наступствамі, а таксама з маштабам эпідэміі.

Частка І. Багаслоўскія і этычныя аспекты хваробы

І.1. Годнасць і прызначэнне чалавека

Хрысціянскае сцверджанне пра годнасць чалавека, заснаванае на вучэнні пра стварэнне свету і чалавека Богам, а таксама на вучэнні пра ўцялесненне Сына Божага. Згодна з Бажэственным Адкравеннем, выказаным у Свяшчэнным Пісанні, чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму (Быц. 1. 26), што ўзнімае яго на найвышэйшую прыступку быцця. Каштоўнасць чалавека звязана таксама з уцялесненнем Сына Божага - Іісуса Хрыста. Як адзінасутны Богу Айцу па Бажаству, Сын Божы стаў адзінасутным нам па чалавечай прыродзе, ва ўсім падобным да нас, акрамя граху.

У святаайцоўскай традыцыі падабенства прынята разглядаць у тым ліку як задачу па рэалізацыі закладзенага ў чалавечай прыродзе вобраза Божага, гэта значыць, як прыпадабненне Богу ў праведнасці і святасці. У праваслаўным багаслоўі набыццё чалавекам падабенства Божага называецца таксама абожаннем, гэта значыць, дасягненнем такога стану, калі чалавечая прырода па благадаці набывае ўласцівасці бажэственнай існасці. Менавіта ў абожанні, паводле вучэння Царквы, і ёсць найвышэйшае прызначэнне кожнага чалавека.

І.2. Грэх і яго наступствы

Грэхападзенне ёсць духоўны разрыў чалавека з Богам. Яно значна паслабіла магчымасць чалавека ўдасканальвацца згодна з Божай задумай пра яго. Адбылося змяненне стану чалавечай прыроды, якое закранула разумную, пачуццёвую і цялесную часткі чалавечай істоты. У выніку граху цялеснаму існаванню чалавека ад нараджэння да скону спадарожнічаюць хваробы (Быц. 2. 17; 3. 16-19; Рым. 5. 12; 6. 16; 8. 6; 1 Кар. 15. 56; Яўр. 2. 14-15; Іак. 1. 15). У хваробах выяўляецца ўлада смерці над чалавекам (параўн. Рым. 5. 14; 1 Кар. 11. 28-32).

З'яўляючыся прычынай разрыву паміж чалавекам і Богам, грэх уносіць разлад і ў адносіны паміж членамі чалавечага грамадства, прыводзячы да ўзаемнай адчужанасці, суперніцтва і варожасці, якія ўсё ўзмацняюцца (Быц. 3. 12; 4; 11. 1-9).

І.3. Хрыстос - Адкупіцель чалавека ад граху, хваробы і смерці

"Бог не стварыў смерці" (Прам. 1. 13). Ён стварыў чалавека не для таго, каб даць яму памерці (Іез. 18. 32), але каб ён жыў. Хаця чалавек створаны не бессмяротным паводле прыроды, ён пакліканы Богам да вечнага жыцця, якое магчыма толькі як знаходжанне чалавека ў зносінах з Ім.

Згодна з вучэннем Царквы, Сам Бог прыходзіць на дапамогу чалавеку, які зрабіўся палоннікам грахоўных жарсцяў і, як вынік, смерці. Сын Божы робіцца Сынам Чалавечым. Хрыстос перамагае грэх і дае збаўленне ад яго (Мф. 9. 13; Лк. 5. 8). Зрабіўшыся за нас "грахом" (2 Кар. 5. 21) і "праклёнам", якія накліканы грахом, Хрыстос "выкупіў нас ад пракляцця закону" (Гал. 3. 13).

Ацаленне ад хваробаў, ачышчэнне ад граху, збаўленне ад пакут і смерці ? ёсць плады перамогі Хрыста над "князем свету гэтага", які "мае ўладу смерці" (Ін. 12. 31; Яўр. 2. 14; Адкр. 7. 13 сл.). І хоць пасля прышэсця Спасіцеля хвароба не знікла з твару зямлі, Бажэственная сіла, якая яе ў рэшце рэшт пераможа, ужо дзейнічае на зямлі. Цуды ацаленняў прадвяшчаюць стан дасканаласці, які чалавецтва набудзе канчаткова ў Царстве Божым. Смерць і ўваскрасенне Госпада Іісуса Хрыста адкрываюць шлях кожнаму чалавеку да перамогі над грахом і да набыцця вечнага збаўлення ад смерці.

І.4. Хрысціянскае стаўленне да хваробы і лячэння

"Апекаванне чалавечым здароўем - душэўным і цялесным - спрадвек з'яўляецца клопатам Царквы," - зазначана ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы. - Пры гэтым Царква заўсёды памятае біблейскія словы пра тое, што "ад Усявышняга лячэнне" (Сір. 38. 2).

Хвароба і пакута маюць не толькі негатыўнае значэнне, але могуць зрабіцца проціяддзем граху. Пакуты падводзяць хрысціяніна да духоўнага пераасэнсавання жыцця. Хвароба можа навучыць чалавека саўдзелу ў пакутах іншага, абудзіць у ім пачуццё салідарнасці, адзінства лёсу чалавечага роду і звярнуць яго позірк да Бога як да Нябеснага Айца. Хвароба нагадвае чалавеку пра яго смяротнасць, аднак для хрысціяніна смерць - не толькі апошні вораг; яна звязана са спадзяваннем на пасмяротнае злучэнне з Богам, падмуркам чаго з'яўляецца пасхальная вера ва ўваскрэслага з памерлых Хрыста, Пераможцу смерці.

Праваслаўнае Паданне не разглядае хваробу і пакуты як "плату" за нашы грахі. Пакуты з'яўляюцца вынікам грахоўнасці чалавека і папушчаюцца Богам, але яны не абавязковыя для дасягнення спасення, бо грэх пераадольваецца пакаяннем і выкананнем запаведзяў Божых.

Святыя айцы не лічаць магчымым вызначыць адназначную сувязь хваробы з тым ці іншым грахом чалавека. Так, прападобны Марк Падзвіжнік кажа: "Не думай, што ўсялякае гора находзіць на людзей за грахі". Перасцерагае ад паспешлівых высноў адносна прычын хваробы і свяціцель Іаан Залатавусты: "Ёсць шмат людзей неразумных, якія з няшчасцяў іншага звычайна робяць кепскія высновы пра яго жыццё. Так было і з Іавам. Не ведаючы за ім нічога кепскага, казалі яму: за грахі твае ты яшчэ мала пакараны (Іаў. 33. 27)". Падобная пазіцыя ў азначаным пытанні і ў свяціцеля Філарэта Маскоўскага: "Хто можа вымераць глыбіню, даследваць шляхі Божых лёсаў? Хто наважыцца кожнага хворага прызнаць асуджаным і ўсялякую хваробу - шыльдай вінаватасці?"

І.5. Хворыя і Царква

Людзі, якія пакутуюць ад розных хвароб, у тым ліку цяжкіх і невылечных, з'яўляюцца прадметам асаблівага клопату Царквы. Царква ўзносіць штодзённыя саборныя малітвы пра дараванне хворым здароўя і спасення.

Евангелле заклікае чалавека не толькі да спачування іншаму, але і да дзейнай праявы любові, якая павінна выказвацца ў справе міласэрнасці, у духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы таго, хто мае патрэбу.

У адносінах да пакуты, да адвергнутага чалавека любоў Хрыстова спакон праяўляла сябе як найвышэйшая духоўная сіла, дзеянні якой не кіруюцца свецкімі ўстанаўленнямі, але могуць перамагаць свет і несці спасенне безнадзейным. Праведнікі і святыя Царквы, сустракаючыся з тымі людзьмі, хто пакутуе, у адчаі, знаходзіцца на краі смерці, праяўлялі не толькі міласэрнасць і спачуванне, але і любоў вялікую. Гэтая любоў праліваецца і на тых гаротных, якія былі зганьбаванымі і адрынутымі, ізгоямі, на тых, каго сацыяльная мараль лічыць нявартымі спачування. Удзел і любоў да пракажоных, да пакараных злачынцаў, да людзей, ад якіх усе з ганьбай ці жахам адвярнуліся, - спрадвек хрысціянская, евангельская дабрадзейнасць. Бо Спасіцель Хрыстос "прыйшоў паклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння" (Мф. 9. 13).

Вобраз Божы ў чалавеку незнішчальны нават у стане граху і адпадзення ад Бога. Чужы грэх не можа служыць прычынай для ўзвялічвання ці ганьбы. Царква вучыць, што варта ненавідзець сам грэх і супрацьстаяць яму, але пры гэтым не пераносіць пачуццё нянавісці і адвяржэння на таго чалавека, які саграшыў, згодна са святаайцоўскім прынцыпам: "Ненавідзь грэх, але любі грэшніка".

У сітуацыі эпідэміі ВІЧ/СНІДу святары і прыхаджане павінны рабіць усё магчымае для таго, каб спробы людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, прыйсці ў Царкву не былі сустрэтыя холадам абыякавасці, а тым больш ганьбы і асуджэння. Чалавек з ВІЧ/СНІДам пакліканы знайсці ў Царкве дом Айцоўскі, ціхую гавань спасення і клапатлівую сям'ю.

У сучасным грамадстве, дзе часта культывуюцца жорсткасць і нянавісць у адносінах да іншага, заахвочваецца змаганне з іншымі людзьмі за атрыманне высокага сацыяльнага статуса і набыццё максімума матэрыяльных дабротаў, Царква павінна прапаведаваць словам і праяўляць на справе сваю веру і перакананасць у тым, што спачуванне, міласэрнасць, ахвярная любоў да іншага чалавека з'яўляюцца універсальнай і абсалютнай этычнай каштоўнасцю.

Частка ІІ. Задачы па арганізацыі царкоўнай работы
з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, і іх блізкімі

ІІ.1. Прыходскі ўзровень

Роля і задачы пастыра

а) Будова Тайн Божых

Свяшчэнніцкае служэнне - гэта перш за ўсё будова Тайн Хрыстовых, гэта ёсць заўсёднае стварэнне і ўмацаванне Царквы шляхам богаўсталяваных Таінстваў і іншых свяшчэннадзеянняў. Сама Царква ёсць таінства ў найглыбейшым і ўсеахопным сэнсе слова, і цэнтрам яе сакраментальнага жыцця з'яўляецца Найсвяцейшая Еўхарыстыя. Служэнне слова і пастырскі клопат пра прыхаджанаў маюць на мэце годны ўдзел верных у Еўхарыстыі, праз якую яны ўступаюць у зносіны з Богам, "складаючы адзінае цела ў Хрысце" (Рым. 12. 5).

Тым, хто ўвераваў у Хрыста і ачышчаны Таінствам Пакаяння, не можа быць забаронены ўваход у Царства; у тым ліку і ВІЧ-інфіцыраваны не можа быць адлучаны ад удзелу ў Таінстве Еўхарыстыі.

Гэта ж тычыцца і іншых Таінстваў. Людзі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, што ў дні сваёй хваробы адкрываюць свае сэрцы для веры ў Хрыста, і, калі яны не ахрышчаныя, шчыра жадаюць прыняць Таінства Хрышчэння, павінны быць з любоўю прыняты ў царкоўныя зносіны, таксама як і тыя ахрышчаныя, што не жылі раней царкоўным жыццём, але жадаюць, прынёсшы пакаянне Богу, уз'яднацца з Царквой.

Важнай задачай пастыра з'яўляецца садзейнічанне далучэнню людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, да прыходскага жыцця, якое павінна пачынацца з іх уваходжання ў малітоўны і літургічны рытм прыхода. Пры вырашэнні пытання пра бяспеку для іншых членаў супольнасці ўдзелу ў царкоўных Таінствах людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, варта кіравацца наступным.

З медыцынскага пункту погляду (пры ўмове адсутнасці ў хворага адкрытых крывацёчных ран) няма перашкод для здзяйснення Таінства Хрышчэння над ВІЧ-інфіцыраваным у прыходскім баптыстэрыі. Таксама няма перашкод для здзяйснення над такімі хворымі Таінстваў Мірапамазання і Ялееасвячэння. Тое самае справядліва адносна прычашчэння ВІЧ-інфіцыраваных, а таксама цалавання імі ікон і іншых святыняў.

З павагай ставячыся да медыцынскіх парад, веруючыя памятаюць, што Хрышчэнне - гэта не толькі "прыманне агульнай ванны", але царкоўнае Таінства, і вада для яго здзяйснення асвячаецца. Тое самае тычыцца і дакранання веруючых да святыняў і, перш за ўсё, далучэння да найвышэйшай Святыні - Цела і Крыві Хрыстовых. Паводле глыбокага пераканання многіх пакаленняў веруючых, перадача інфекцыі праз лжыцу, якая пагружаецца ў сапраўдную Кроў Хрыстову, немагчымая.

Адной з формаў духоўнай дапамогі членам прыхода, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, могуць зрабіцца асаблівыя малебны за іх здароўе, а таксама далучэнне асаблівых прашэнняў пра іх у сугубую екценню. У шэрагу прыходаў Рускай Праваслаўнай Царквы ўжо на працягу некалькіх гадоў існуе традыцыя правядзення спецыяльных штомесячных малебнаў за здароўе людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам.

б) Царкоўная пропаведзь

Падчас рукапалажэння ў свяшчэнніцкі сан пастыру даецца дар сведчыць ад паўнаты царкоўнага Падання. Свяшчэннік пакліканы да пастаяннай пропаведзі Слова Божага і тлумачэння Евангелля ў адносінах да жыцця абшчыны і кожнага хрысціяніна. Царкоўная пропаведзь павінна быць звернута да патрэб і праблем сённяшняга свету і чалавека, вырашаць якія належыць у рэчышчы Бажэственнага Адкравення і вучэння Царквы.

Сітуацыя з эпідэміяй ВІЧ/СНІДу, прычыны яе распаўсюджвання, а таксама стаўленне грамадства да хворых ВІЧ/СНІДам павінны пабуджаць святароў часцей звяртацца да гэтай тэмы ў пропаведзі. Пры гэтым, усямерна выкрываючы грэх і бездухоўнасць, якія з'яўляюцца сапраўднай крыніцай распаўсюджвання эпідэміі, адначасова трэба настойваць на святаайцоўскім прынцыпе "ненавідзь грэх, але любі грэшніка", выкрываючы фарысейства і грахоўны навык асуджэння іншых.

Абавязковым элементам пропаведзі свяшчэнніка павінен быць зварот да веруючых закліку Спасіцеля пра дзейную любоў да бліжніх, у першую чаргу да хворых, гаротных, зняволеных, адвергнутых.

в) Пастырская душаапека над асобамі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам

Найважнейшым падмуркам і прынцыпам пастырскай душаапекі з'яўляецца спачувальная, ахвярная любоў пастыра да сваіх пасвеных. Пры гэтым улюбёным святаайцоўскім вобразам пастырства з'яўляецца дзейнасць урача (гл. Св. Грыгорый Багаслоў, ІІІ Слова). Лячэнне душы ажыццяўляецца з улікам індывідуальных асаблівасцей тых, хто мае патрэбу ў такім лячэнні.

Трэба памятаць, што існуе шмат разнастайных спосабаў заражэння і сітуацый, у якіх чалавек з ВІЧ/СНІДам, што звярнуўся да святара, мог заразіцца. ВІЧ-інфіцыраваны можа быць зусім не заўзятым грэшнікам. Свяшчэннік павінен ставіцца да ВІЧ-інфіцыраванага, як да любога іншага чалавека, які пакутуе ад якога-небудзь сур'ёзнага захворвання.

Чалавек, які жыве з ВІЧ/СНІДам, адчувае надзвычайную псіхалагічную нагрузку, што асабліва цяжка пераносіцца ў першы час пасля атрымання звесткі пра свой станоўчы ВІЧ-статус. Гэты псіхалагічны цяжар узмацняецца шэрагам іншых абставін - адпрэчаннем з боку грамадства, стратай сэнсу жыцця, пачуццём страху. Пастыр павінен праяўляць максімальную ўвагу да чалавека з ВІЧ/СНІДам, які да яго звярнуўся. Перш за ўсё важна дапамагчы яму пераадолець адчай і вярнуць надзею. Галоўная ж задача пастыра пры стасунках з ВІЧ-інфіцыраваным - даць яму магчымасць знайсці сапраўдны сэнс жыцця, сустрэцца з Хрыстом.

Святар павінен заклікаць чалавека, які жыве з ВІЧ/СНІДам, адказна ставіцца да самога сябе і сваіх блізкіх. У дачыненні да самога сябе хвораму варта займацца лячэннем і весці здаровы лад жыцця, у дачыненні да блізкіх - рабіць усё магчымае для прадухілення іх заражэння. Хворы таксама можа прынесці карысць грамадству, у прыватнасці, дапамагаючы тым ВІЧ-інфіцыраваным, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, каб справіцца з псіхалагічнай нагрузкай і адчаем.

Для святара, што акармляе людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, будзе карысным ведаць асаблівасці працякання хваробы, спецыфікі лячэння і яго даступнасці, метадаў пераадольвання цяжкасцей, звязаных з сацыяльнай адаптацыяй.

г) Пастырская апека па-за прыходам

Свяшчэнніку трэба надаваць увагу наведванню ВІЧ-інфіцыраваных дома, у бальніцы, у хоспісе - асабліва хворых, якія знаходзяцца ў тэрмінальнай стадыі.

Вялікае значэнне будзе мець наяўнасць у свяшчэнніка вопыту пастырскага клопату пра людзей пры смерці, асабліва недастаткова ўцаркоўленых. Па прычыне асаблівасцей распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу ў Расіі, у тэрмінальнай стадыі могуць знаходзіцца людзі маладога ўзросту, многія з вопытам ужывання наркатычных рэчываў.

У выпадку інфіцыравання і смерці абодвух - мужа і жонкі - можа ўзнікнуць пытанне пра далейшы лёс дзяцей і сваякоў, якія знаходзяцца на іх утрыманні, што можа запатрабаваць той ці іншай дапамогі з боку прыхода.

Важнай з'яўляецца пастырская работа свяшчэнніка з ВІЧ-інфіцыраванымі ў турмах. У сувязі з высокай ступенню распаўсюджанасці нарказалежнасці і ВІЧ-інфекцыі сярод зняволеных, вялікае значэнне набывае падрыхтаванасць свяшчэнніка для работы з гэтай катэгорыяй асоб.

д) Пытанні сямейнай этыкі ў пастырскай апецы над асобамі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам

Факт выяўлення ВІЧ-інфекцыі ў аднаго ці абодвух - мужа і жонкі, найчасцей робіцца выпрабаваннем для сям'і. Такія выпадкі патрабуюць асаблівай пастырскай увагі і такту.

Асаблівы выпадак - пытанне пра ўступленне ў шлюб асоб, з якіх адна ВІЧ-інфіцыраваная, а іншая пра гэта інфармавана і жадае ўзяць такі шлюб. Будучыя муж і жонка, у выпадку рашучасці ўступлення ў шлюб, абодва павінны ясна разумець, што існуе рызыка заражэння мужа (жонкі) і будучых дзяцей. Пастыру ў гэтай сітуацыі варта рабіць усё магчымае, каб такое рашэнне не было толькі вынікам часовай эмацыянальнай рэакцыі: яно павінна быць узважаным, адказным, духоўна і маральна матываваным.

Разам з тым, сучасныя прафілактычныя і тэрапеўтычныя метады зніжаюць рызыку перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці, што дае магчымасць нараджэння здаровых дзяцей у сем'ях, дзе адзін ці абодва бацькі ВІЧ-інфіцыраваныя. У такіх выпадках трэба раіць мужу і жонцы абавязковае назіранне ўрача.

Дыяканічная (царкоўна-сацыяльная) работа з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам

Там, дзе гэта неабходна і магчыма, на прыходах трэба ствараць службы аказання духоўнай і псіхалагічнай дапамогі людзям, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, і іх блізкім. У рабоце гэтых службаў павінны ўдзельнічаць спецыяльна навучаныя міране і свяшчэннаслужыцелі. У прыходах могуць быць створаны тэлефоны даверу для аказання духоўнай і псіхалагічнай падтрымкі спецыялістамі з ліку міран і свяшчэннаслужыцеляў.

Прыходскія патранажныя службы, якія акармляюць хворых і састарэлых у бальніцах і па дамах, могуць ажыццяўляць догляд і за ВІЧ-інфіцыраванымі. Сёстры міласэрнасці і іншыя спецыялісты, якія працуюць у хоспісах, таксама могуць аказваць псіхалагічную і духоўную падтрымку ВІЧ-інфіцыраваным, што знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Важным накірункам работы з'яўляецца рэабілітацыя ВІЧ-інфіцыраваных нарказалежных. Для гэтага могуць стварацца спецыяльныя рэабілітацыйныя праграмы і цэнтры, што будуць дзейнічаць пры прыходах і манастырах.

Усе гэтыя віды служэння ў дачыненні да людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, і іх блізкіх патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі і навучання. Важнае значэнне ў прыходскай дыяканіі мае далучэнне ВІЧ-інфіцыраваных да актыўнай сацыяльнай і іншай прыходскай работы, удзел іх у жыцці прыхода.

Адукацыя і катэхізацыя на прыходскім ўзроўні

Свяшчэннаслужыцель на прыходзе павінен праводзіць тлумачальную работу ў дачыненні да ВІЧ-інфекцыі і асоб, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, паведамляючы прыхаджанам аб'ектыўную і праўдзівую інфармацыю. Гэтую работу трэба весці як сярод дарослых прыхаджанаў, так і сярод дзяцей. Навучальная і выхаваўчая работа з дзецьмі ў дачыненні да ВІЧ-інфекцыі можа праводзіцца ў межах прыходскіх нядзельных школ, спецыялізаваных прыходскіх дзіцячых і моладзевых праграм, летнікаў. Асноўная мэта гэтай работы - выхаванне ў духу хрысціянскіх маральных прынцыпаў, засвоіўшы якія, дзеці змогуць самастойна і адказна кантраляваць свае паводзіны. Адукацыйная і выхаваўчая праца на прыходзе павінна ўлічваць тыя небяспекі, з якімі сутыкаецца сучасная моладзь, і вучыць супрацьстаяць ім. Трэба з ранняга ўзросту выхоўваць дзяцей у духу сямейных каштоўнасцей, сямейнай вернасці і цнатлівасці, міласэрнасці і спачування, ухілення ад наркотыкаў і іншых грахоўных спакус.

ІІ.2. Манастыры

Маючы асаблівую арганізацыю і ўнутраны лад жыцця, манастыры яўляюць сабою добрую магчымасць для рэабілітацыі асоб, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам. Таму пры манастырах мэтазгодна стварэнне цэнтраў рэабілітацыі ВІЧ-інфіцыраваных. У падобныя цэнтры для нарказалежных мэтазгодна прымаць людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам.

ІІ.3. Спецыялізаваныя царкоўныя арганізацыі

Карысным з'яўляецца стварэнне спецыялізаваных царкоўных арганізацый для аказання разнастайнай дапамогі ВІЧ-інфіцыраваным і іх блізкім. Гэтыя структуры могуць узяць на сябе таксама задачу навучання прыходскіх дыяканічных актывістаў рабоце з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам. Работа з ВІЧ-інфіцыраванымі можа весціся на базе наяўных царкоўных арганізацый, напрыклад, душаапякунскіх цэнтраў па рэабілітацыі нарказалежных, якія ўжо дзейнічаюць у шэрагу гарадоў. Пры такіх цэнтрах могуць стварацца спецыялізаваныя падраздзяленні па духоўна-псіхалагічнай рэабілітацыі ВІЧ-інфіцыраваных, арганізацыі паліятыўнага догляду за хворымі дома.

ІІ.4. Епархіяльны ўзровень

Сацыяльным аддзелам епархій Рускай Праваслаўнай Царквы трэба ўключыць у сферу сваёй дзейнасці работу з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, каардынуючы і падтрымліваючы гэтую дзейнасць на прыходах, у сястрынствах і брацтвах, у манастырах і спецыялізаваных царкоўных арганізацыях.

Неабходна весці тлумачальную работу сярод свяшчэннаслужыцеляў у дачыненні да ВІЧ, пра неабходнасць і спосабы аказання падтрымкі ВІЧ-інфіцыраваным, пра асаблівасці літургічнай практыкі і душаапекі ў дачыненні да такіх людзей.

Епархіяльная пастырскія нарады

Пытанне пастырскай апекі над ВІЧ-інфіцыраванымі і ўвесь комплекс, звязаных з гэтым праблем, павінен зрабіцца прадметам абмеркавання і вывучэння на епархіяльных пастырскіх нарадах ? ад атрымання аб'ектыўнай навуковай інфармацыі пра ВІЧ-інфекцыю, шляхі заражэння і прафілактыкі, псіхалагічныя асаблівасці ВІЧ-інфіцыраваных, і да аналізу назапашанага вопыту вырашэння складаных маральных, пастырскіх і царкоўна-практычных пытанняў.

Епархіяльныя пастырскія нарады могуць стаць інструментам наладжвання супрацоўніцтва прыходаў для арганізацыі сумесных дыяканічных ініцыятыў у дапамогу людзям, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, і іх блізкім.

Курсы па падрыхтоўцы пастыраў і міран для работы з людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам

Важнае значэнне ў арганізацыі ўдзелу Царквы ў змаганні з распаўсюджваннем эпідэміі ВІЧ/СНІДу мае спецыяльная падрыхтоўка як будучых, так і тых, хто ўжо нясе сваё царкоўнае паслушэнства, свяшчэннаслужыцеляў.

У сувязі з гэтым, трэба лічыць неабходным у межах навучальнага працэсу ў Духоўных школах чытанне спецыяльных курсаў і правядзенне іншых навучальных мерапрыемстваў па разнастайных аспектах пастырскай апекі над людзьмі, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам. Таксама варта лічыць мэтазгодным правядзенне рэгулярных епархіяльных, між'епархіяльных, агульнацаркоўных пастырскіх курсаў для свяшчэннаслужыцеляў, дзе яны маглі б атрымаць неабходныя звесткі пра хваробу ВІЧ/СНІД, пра прынцыпы і метады пастырскай апекі над ВІЧ-інфіцыраванымі. Трэба лічыць карыснай арганізацыю дыяканічнай падрыхтоўкі міран для служэння міласэрнасці і клопату пра людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам.

Каардынацыя і інфармацыя

Для эфектыўнай работы па аказанню дапамогі людзям, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, неабходна каардынацыя адпаведных ініцыятыў як на епархіяльным, так і на агульнацаркоўным узроўні, а таксама абмен разнастайнай, у тым ліку метадычнай, прававой і медыка-псіхалагічнай інфармацыяй паміж імі.

ІІ.5. Агульнацаркоўны ўзровень

Сацыяльная і адукацыйна-выхаваўчая дзейнасць Царквы па процідзеянню распаўсюджванню эпідэміі ВІЧ/СНІДу, а таксама па пастырскай і дыяканічнай працы з ВІЧ-інфіцыраванымі, якая ажыццяўляецца ў епархіях і ў спецыялізаваных царкоўных арганізацыях, павінна каардынавацца на агульнацаркоўным узроўні. Гэта дазволіць забяспечыць агульныя падыходы да вырашэння складаных кананічных і пастырскіх праблем, садзейнічаць выпрацоўцы агульнацаркоўнай пазіцыі ва ўзаемаадносінах са свецкімі арганізацыямі, ахопліваць пытанні забеспячэння інфармацыйнай і метадычнай базы для арганізацыі тых ці іншых формаў дапамогі ВІЧ-інфіцыраваным, навучання свяшчэннаслужыцеляў і міран.

Частка ІІІ. Супрацоўніцтва з дзяржавай і грамадствам

ІІІ.1. Узаемадзеянне ў справе маральнага выхавання

Асноўным сродкам процідзеяння распаўсюджванню эпідэміі ВІЧ/СНІДу з'яўляецца ўмацаванне духоўных і маральных нормаў у грамадстве, рэалізаванае шляхам духоўнага выхавання.

Царква і выхаванне падрастаючага пакалення

Руская Праваслаўная Царква традыцыйна адыгрывала ключавую ролю ў справе выхавання маральнасці, патрыятызму, грамадзянскасці і сацыяльнай адказнасці моладзі, садзейнічала ўмацаванню ў грамадстве каштоўнасцей духоўна-маральнага характару. І ў сучасных умовах Царква здольная аўтарытэтна і пераканаўча казаць моладзі пра складаныя пытанні этыка-экзыстэнцыянальнага і каштоўнасна-сэнсажыццёвага характару, тым самым усямерна садзейнічаючы ўмацаванню маральнага і фізічнага здароўя нацыі.

Царква адкрытая да супрацоўніцтва з дзяржавай і грамадствам ў галіне духоўна-маральнага выхавання і адукацыі дзяцей і моладзі, развіцця адукацыйнай і асветніцкай працы па прафілактыцы ВІЧ і наркаманіі сярод дзяцей і падлеткаў, стварэнню царкоўных і сумесных з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі адукацыйных і навучальных праграм па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу.

Пры гэтым Руская Праваслаўная Царква лічыць неабходным выступаць супраць спрашчальніцкіх схем, калі так званая сэксуальная асвета ўспрымаецца як панацэя ад усіх бед, як адзіны сродак выхавання і адукацыі моладзі ў пытаннях прафілактыкі СНІДу. Царква не лічыць магчымым супрацоўніцтва з тымі грамадскімі сіламі, якія, эксплуатуючы тэму СНІДу і ВІЧ-інфекцыі, адстойваюць лад жыцця, нормы паводзін і этычныя погляды, непрымальныя для хрысціянскай маралі. Падобная прынцыповая пазіцыя не выключае гатоўнасці Царквы да шчырага дыялогу па ўсім спектры складаных аксіялагічных, медыцынскіх, сацыяльных праблем, якія ўзнікаюць у кантэксце праблематыкі ВІЧ/СНІДу.

Царква і СМІ

Улічваючы асаблівую значнасць сродкаў масавай інфармацыі ў справе фармавання грамадскай маральнасці ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, Царква лічыць мэтазгодным свой актыўны ўдзел у дзейнасці СМІ ? самастойна ці ў супрацоўніцтве з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі (гл. Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, раздзел ХV).

Сучасныя тэндэнцыі развіцця палітыкі СМІ не садзейнічаюць умацаванню грамадскай маральнасці. Так, сучаснае тэлебачанне дзякуючы незлічоным фільмам і праграмам, прасякнутым культам гвалту, уседазволенасцю, амаральнасцю, распустай, нясе вялікую долю адказнасці за разбурэнне маральных асноў грамадства.

Сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу тэлебачанне, маглі б зрабіцца важным сродкам змагання з распаўсюджваннем ВІЧ/СНІДу. Але пры гэтым інфармацыйныя кампаніі па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу і наркаманіі не змогуць быць эфектыўнымі, застаючыся па-за трывалымі этычнымі асновамі. Павінна быць вызначана рэальная альтэрнатыва наркотыкам, граху, бездухоўнасці. Намаганні дзяржавы, грамадства і Царквы павінны быць сумеснымі пры стварэнні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, накіраванай на прапаганду трывалых духоўна-маральных арыенціраў, асабістай і сацыяльнай адказнасці. Вялікую карысць у справе маральнай асветы можа прынесці такі сродак камунікацыі і інфармацыі, як інтэрнэт, які з'яўляецца для многіх людзей сталым сродкам зносін, атрымання ведаў і інфармацыі.

ІІІ.2. Дыяканія і сацыяльнае служэнне

Найважнейшымі накірункамі працы Царквы па прадухіленню распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу і клопату пра ВІЧ-інфіцыраваных у галіне сацыяльнай дзейнасці, дзе магчыма супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі, з'яўляюцца:

- стварэнне царкоўнай анты-СНІД сеткі, пакліканай ажыццяўляць каардынацыю праваслаўных ініцыятыў у галіне прафілактыкі і змагання са СНІДам;

- падтрымка царкоўна-грамадскіх праектаў на месцах па стварэнню кансультацыйных службаў і тэлефонаў даверу па праблемах ВІЧ/СНІДу;

- садзейнічанне сацыяльнай рэабілітацыі і абароне правоў людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам;

- прававая кансультацыя ВІЧ-інфіцыраваных і іх блізкіх;

- псіхалагічная дапамога людзям, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам (у медыцынскіх установах ? бальніцах, клініках, радзільных дамах, у месцах зняволення і гэтак далей), а таксама іх блізкім;

- догляд за дзецьмі-сіротамі, народжанымі ад ВІЧ-інфіцыраваных маці;

- патранаж і догляд за ВІЧ-інфіцыраванымі дзецьмі-сіротамі;

- патранаж і догляд за дарослымі ВІЧ-інфіцыраванымі, у тым ліку ў тэрмінальнай стадыі;

- праца ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы, у тым ліку з ВІЧ-інфіцыраванымі зняволенымі.

Эфектыўная царкоўная праца немагчымая без арганізацыі сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў, а таксама царкоўных сацыяльных работнікаў, якія займаюцца праблемамі СНІДу. Улічваючы медыцынскую і сацыяльную спецыфіку эпідэміі, мэтазгодным таксама з'яўляецца супрацоўніцтва Царквы ў гэтай галіне з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі.

Асноўнымі накірункамі ў гэтай галіне з'яўляюцца:

- медыка-псіхалагічная падрыхтоўка свяшчэннаслужыцеляў, пакліканых духоўна акармляць людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам (у тым ліку ва ўмовах пенітэнцыярнай сістэмы);

- падрыхтоўка сацыяльных работнікаў (напрыклад, патранажных сясцёр) і кансультантаў (тэлефоны даверу, кансультацыйныя цэнтры) для працы з ВІЧ-інфіцыраванымі і іх блізкімі;

- правядзенне семінараў, круглых сталоў, трэнінгаў і іншых метадычных, адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў, прысвечаных разнастайным праблемам прафілактыкі і змагання са СНІДам;

- выданне метадычных дапаможнікаў для свяшчэннаслужыцеляў і царкоўных сацыяльных работнікаў, якія працуюць з ВІЧ-інфіцыраванымі і іх блізкімі, ажыццяўляюць патранаж і догляд за хворымі з ВІЧ/СНІДам;

- кансультаванне па метадах праваслаўнага сацыяльнага служэння ў галіне прафілактыкі і змагання са СНІДам.

ІІІ.3. Сацыяльнае партнёрства Царквы і дзяржавы

Неабходнай умовай эфектыўнага змагання з распаўсюджваннем эпідэміі ВІЧ/СНІДу павінна зрабіцца сацыяльнае партнёрства Царквы, дзяржавы і грамадства.

(адаптаваны да Рэспублікі Беларусь)

У галіне царкоўна-сацыяльнага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку Руская Праваслаўная Царква прызнае прыярытэтным супрацоўніцтва з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падначаленымі ўраду Рэспублікі Беларусь, мясцовымі органамі кіравання як ў адпаведнасці з раней падпісанымі пагадненнямі, так і зыходзячы з нанова дасягнутых дамоўленасцей. Развіваючы сацыяльнае служэнне ў галіне прафілактыкі і змагання са СНІДам, Руская Праваслаўная Царква лічыць неабходным свой удзел у працы Рэспубліканскага міжведамаснага Савета па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі і венерычных захворваннях, Каардынацыйнага Камітэта краіны па ўзаемадзеянню з Глабальным фондам для змагання са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, адпаведнымі структурамі аблгаррайвыканкамаў, а таксама ў Кансультацыйным савеце па маніторынгу і ацэнцы ў галіне ВІЧ/СНІДу Рэспублікі Беларусь.

З рускай мовы на беларускую мову пераклала и адпаведнасць перакладу пацвярджаю.
Перакладчык Ермаковiч Кацярына Мiхайлауна. ТАА “Гільдыя прафесійных перакладчыкаў”.

В начало страницы На главную страницу Написать разработчикам: Ольге Черняк, Матвею Родову

хостинг безвозмездно предоставлен Леонидом Муравьевым