Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Выступленне на цырымоніі падпісання
асноўнымі хрысціянскімі Цэрквамі Беларусі
"Дэкларацыі сацыяльнага партнёрства ў галіне ВІЧ/СНІДу"
Мінск, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі,
27 лістапада 2007 г.
|
|
1. Служэнне хворым і церпячым з'яўляецца адным з фундаментальных і
традыцыйных складальнікаў місіі Касцёла ў адпаведнасці са словамі Хрыста:
"Я быў хворы, і вы адведалі Мяне" (Мц 25, 36). Услед за Збаўцам, які прыйшоў
не для таго, каб Яму служылі, а для таго, каб служыць (пар. Мк 10, 45), пайшлі
многія хрысціянскія падзвіжнікі. У якасці прыкладу можна ўзгадаць святога
Францішка з Асізі, служачага хворым на праказу - святога Дам'яна дэ Вэстэра
Малакайскага, падзвіжніцу нашых часоў — благаслаўлёную Маці Тэрэзу з
Калькуты, святую Елізавету Фёдараўну, заснавальніцу Марфа-Марыінскага
манастыра, урача і праваслаўнага арцыбіскупа, новамучаніка — святога Луку
Война-Ясенецкага і многіх, многіх іншых.
2. Сучаснае чалавецтва сутыкнулася з новай чумой — з хуткім
распаўсюджваннем віруса імуннага дэфіцыту (ВІЧ), які выклікае сіндром
набытага імуннага дэфіцыту, вядомы як СНІД. Гэта страшная хвароба, якая
забівае чалавецтва. Яе наступствы — чалавечыя цярпенні і смерць —
выклікаюць усё болыдую і болыную трывогу ў свеце. Гэтай праблемай
займаюцца як міжнародныя, так і дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі.
3. Не застаецца ўбаку і Касцёл, які, будучы абаронцам годнасці кожнай
асобы, працягвае руку спачування адрынутым і адкінутым на абочыну
грамадства, моліцца за іх, праяўляе міласэрнасць, суцяшае хворых і
паміраючых, супакойвае тых, хто страціў сваіх родных і блізкіх. Ён робіць гэта
ў адносінах да ўсіх хворых і церпячых, у тым ліку і да хворых на СНІД.
Кіруючыся наказам Пана любіць бліжняга (пар. Мк 12, 31), мы павінны
ставіцца да кожнага інфіцыраванага з Хрыстовай спагадлівасцю, не скажаючы,
аднак, сутнасць Яго маральнага вучэння.
4. Радуе той факт, што хрысціяне Беларусі адзінадушна, згуртавана
імкнуцца знайсці шляхі вырашэння гэтай сур'ёзнай праблемы, распрацоўваючы
міжхрысціянскую стратэгію па барацьбе з найвялікшым злом нашай
цывілізацыі. Прыемна адзначыць таксама тое, што гэтая ініцыятыва была падтрымана прадстаўніцтвам ААН/ПРААН (Арганізацыя Аб'яднаных Нацый/Праграма Развіцця Арганізазыі Аб'яднаных Нацый) у межах праекта "Аб'яднанне намаганняў хрысціянскіх Цэркваў у адказ на эпідэмію ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь".
5. Мне хацелася б падкрэсліць некалькі важных аспектаў гэтага працэсу.
Гэта, найперш, усведамленне агульнай адказнасці і неабходнасці аб'яднання
намаганняў розных хрысціянскіх канфесій, а таксама іх рэальнае ўзаемадзеянне
ў супрацьстаянні той трагедыі, якою з'яўляецца эпідэмія СНІДу. Гэта таксама
рэальнае супрацоўніцтва хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў з дзяржаваю і
грамадствам, скіраванае на карысць нашага агульнага дома, імя якога —
Беларусь. I, урэшце, гэта міжнароднае супрацоўніцтва, мэта якога — спыніць
жахлівую эпідэмію.
6. Сёння ў свеце шмат робіцца для вырашэння праблемы лячэння СНІДу і
прадухілення яго распаўсюджвання. Гэтым займаюцца шматлікія фонды,
інстытуты, дзяржаўныя і грамадскія праграмы, на якія выдаткоўваюцца
велізарныя сродкі. Усё гэта, безумоўна, заслугоўвае самай высокай пахвалы і
пераймання.
Аднак у першую чаргу неабходна выкараняць першапрычыну гэтага зла. I тут роля Касцёла незаменная, у прыватнасці — у галіне прафілактыкі СНІДу. Корань зла — у амаральнасці, якая пануе ў сучасным свеце. Таму асноўная задача рэлігійных арганізацый — садзейнічаць прафілактыцы СНІДу, выкарыстоўваючы сваю душпастырскую ролю.
Неабходна акцэнтаваць сваю ўвагу на выхаванні падрастаючага пакалення ў духу традыцыйных маральных каштоўнасцяў. Перад намі стаіць вельмі важная і заўсёды актуальная задача духоўнай асветы і абвяшчэння Добрай Навіны, што дасягаецца перадусім шляхам катэхізацыі, рэлігійнай адукацыі і практыкі рэлігійнага жыцця. Гэта асабліва актуальна ў наш час, калі дух секулярызму, які хутка распаўсюджваецца, усё болып і болып авалодвае свядомасцю людзей, калі яны, магчыма, і лічаць сябе веруючымі, але, на вялікі жаль, у рэальным жыцці жывуць так, нібы Бог не існуе або застаецца недзе на перыферыі жыцця.
Прыярытэтная роля ў выхаванні маладога пакалення, побач з выхаваннем духоўным, павінна належаць сям'і, школе, сродкам масавай інфармацыі і культурнаму грамадскаму асяроддзю.
Сродкі масавай інфармацыі, Інтэрнэт, друкаваныя выданні, як важныя выхаваўчыя сродкі, павінны будаваць сваю дзейнасць на сапраўды маральным, этычным фундаменце, уносячы свой уклад ва ўмацаванне грамадскай маральнасці, асабістай і сацыяльнай адказнасці, грамадскай салідарнасці. Неабходна абмяжоўваць распаўсюджанне праз сродкі масавай інфармацыі прыкладаў антыграмадскіх паводзінаў, такіх, як насілле, ужыванне алкаголю і наркотыкаў, амаральнасць у сексуальнай сферы.
У выхаваўчай працы неабходна фармаваць пераканаўчыя матывацыі для здаровага стылю жыцця, недапушчэння амаральных паводзінаў, устрымання ад алкаголю, ад наркатычных сродкаў, дашлюбных і пазашлюбных палавых сувязяў.
Асаблівую ўвагу неабходна прысвячаць умацаванню ў свядомасці грамадзянаў важнай ролі сям'і і звязаных з ёю прыярытэтных каштоўнасцяў, такіх, як сужэнская вернасць, адказнае бацькоўства, захаванне Божага дару жыцця, узаемная і ахвярная любоў, годнае выхаванне маладога пакалення і г. д.
Наступная, не менш важная задача, якая стаіць перад намі, — гэта выхаванне ў нашых сучаснікаў спагадлівасці, міласэрнасці, справядлівасці і адказнасці ў адносінах да тых, хто жыве ў нястачы, а таксама і да хворых на СНІД, і аказанне ім рознымі хрысціянскімі арганізацыямі салідарнай практычнай дапамогі.
Хворыя на СНІД — гэта таксама людзі, і яны не могуць быць выкінутыя са сферы нашых пастырскіх і сацыяльных праграмаў. Неабходна асуджаць зло, але трэба любіць чалавека. У адказ на папрок Хрысту, які ішоў да грэшнікаў, Ён казаў, што лекар патрэбны хвораму, а не здароваму (пар. Мц 9, 12). Гэтымі цяжка хворымі якраз і з'яўляюцца тыя, хто заразіўся ВІЧ.
7. Вітаючы намаганні Беларускай дзяржавы, грамадскасці і Рады міжканфесійнай місіі "Хрысціянскае сацыяльнае служэнне", а таксама сённяшняе падпісанне "Дэкларацыі сацыяльнага партнёрства ў галіне ВІЧ/СНІДу", хачу запэўніць, што Каталіцкі Касцёл і надалей будзе садзейнічаць намаганням іншых канфесіяў, дзяржавы і грамадства ў іх супрацьдзеянні распаўсюджванню гэтай жудаснай хваробы ў нашай Бацькаўшчыне. Наша сацыяльнае партнёрства павінна стаць надзеяй нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), каб паставіць рэальны заслон СНІДу.
Дзякуй за ўвагу.
|