На главную страницу На главную страницу  
На главную страницу На главную страницу
На главную страницу На главную страницу   На главную страницу
На главную страницу   На главную страницу
Богослужебный раздел
Социальная работа
Просвещение
Теология
Искусства
События
Международные связи
Братства
Епархиальные организации
Иные организации

Богослужебный раздел / Обращения, речи, приветствия


Пасхальнае пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Сіла гэтага самага радаснага пасхальнага прывітання зноў азарае нашы сэрцы. Усяго два словы — але колькі ў іх сэнсу і глыбіні! Ніколькі не перабольшваючы, мы можам сказаць, што ў іх выяўлена сутнасць усяго Евангельскага вучэння. Яны — кароткі сімвал нашай веры, што вынікае са слоў апостала Паўла, які гаворыць нам: Калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша, — а потым дадае: Але Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых (1 Кар. 15: 14, 20).

Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы выказваем сваю веру ў перамогу Дабра над злом, Жыцця над смерцю, Ісціны над падманам, Святла над цемрай… Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы напаўняемся надзеяй, што такая перамога магчыма ў жыцці кожнага з нас. Вызнаючы Хрыста ўваскрэслым, мы азараемся любоўю Самога Госпада нашага Іісуса Хрыста, Таго, Хто дараваў нам выратаванне ад граху, пракляцця і смерці!

Уся наша вера, надзея і любоў — у словах «Хрыстос уваскрэс!» Яны скрозь стагоддзі яўляюць нам, па слову Апостала, прамудрасць Божую, у тайне скрытую, якую прадвызначыў Бог перад вякамі дзеля славы нашай (1 Кар. 2: 7).

Прызнаваць Хрыста ўваскрэслым з мёртвых — не ўмоўны звычай, не фармальнасць, не абстрактная ісціна. Мы верым, што Пасха Хрыстова мае непасрэдныя адносіны да нашага ўласнага жыцця і да жыцця вечнага.

Ва ўваскрасенні Хрыста, у Яго перамозе над смерцю для нас адкрываюцца новыя перспектывы. Калі мы, нараджаючыся, атрымалі ў спадчыну ад Адама смяротнасць чалавечай прыроды, то, адраджаючыся ў Хрысце праз Хрышчэнне і веру, мы набываем жыццё ўдосталь (гл. Ін. 10: 10). Паводле слова Свяшчэннага Пісання, як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15: 22).

Менавіта ў Таінстве Хрышчэння мы далучаемся да пладоў Крыжовай Ахвяры Госпада нашага Іісуса Хрыста. У Хрышчэнні мы становімся пахаванымі разам з Хрыстом, а затым уваскрасаем у Ім праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых (гл. Кал. 2: 12). Як гаварыў свяціцель Афанасій Вялікі, «Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам». Адважымся пашырыць словы святога айца: Бог, стаўшы чалавекам, памёр, каб мы, абожыўшыся, уваскрэслі. Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылі ўжо не для сябе, але дзеля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс (2 Кар. 5: 15). І калі мы сапраўды ўваскрэслі з Хрыстом, то нам перш за ўсё трэба шукаць не зямнога і марнага, а высокага і вечнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога (гл. Кал. 3: 1).

Вобраз Уваскрэслага Спасіцеля абавязкова адсылае нас да неабходнасці задумацца над тым, ці выявіла сябе перамога Хрыста ў нашым асабістым жыцці? Ці ўваскрэс Хрыстос у нашай душы, і ці паўсталі мы разам з Ім у сваім сэрцы?

Мы часта скардзімся на недасканаласць навакольнага свету. Але перамена гэтага свету да лепшага не можа адбыцца раней, чым мы самі паспрабуем зрабіць яго лепшым, пачаўшы з саміх сябе. І ў Хрысце мы маем рэальную магчымасць перамяніць сваё жыццё. Толькі ад нас залежыць, ці захочам мы ўстаць на барацьбу за сваю душу, за нашы сем'і, за наш народ — а ці дазволім нашаму жыццю паступова ператварацца ў пекла.

Гасподзь усё даў нам для таго, каб мы сталі спадкаемцамі Яго перамогі. Мужайцеся: Я перамог свет (Ін. 16: 33), — гаворыць Ён. Гэты заклік звернуты не толькі да апосталаў. Ён звернуты і да нас з вамі, жыхароў сучаснай Беларусі. Царква створана Богам для таго, каб усе мы маглі чэрпаць з Яе сілы на шляху да богазапаведанага міру. Нам дадзены Таінствы Споведзі і Прычасця, звяртаючыся да якіх, мы задаём рытм духоўнага жыцця, рытм перамогі над грахом.

Міласць Божая творыць цуды ў нашай роднай Беларусі, уваскрашаючы душы людзей, вырываючы іх з путаў роспачы і граху, бязвер'я і нянавісці. Але галоўная радасць нашага жыцця — Царква Хрыстова. Я веру, што пакуль беларусы будуць захоўваць у сваёй свядомасці паняцце пра святасць Царквы, Бог не пакіне нас.

Узлюбленыя ў Госпадзе дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы, прашу вас: веруйце ў Бога і захоўвайце вернасць роднай зямлі. У нас багатая і слаўная гісторыя — нам ёсць за што дзякаваць Богу! Сёлета народы Беларусі, Украіны і Расіі адзначаюць 1025-ю гадавіну Хрышчэння Русі.

Гісторыя святасці — гэта крыніца надзеі, апора для руху ў будучыню і ўмова нашага адзінства. Людзі адрозніваюцца па здольнасцях, сілах і інтарэсах. Але калі ў сэрцах нашых прысутнічае любоў да бліжняга і да Айчыны, то нашы адрозненні становяцца падобнымі да кветак на лузе. Яны выяўляюць прыгажосць агульнага, прыгажосць беларусаў як нацыі.

Я вітаю з Пасхай Хрыстовай нашых суайчыннікаў, якія знаходзяцца за межамі Радзімы. Ваша памяць пра Беларусь і яе Царкву, ваша праца і малітвы вельмі важныя для нас.

Дарагія мае! Будзьце пераймальнікамі Бога… і жывіце ў любові, як Хрыстос узлюбіў нас (Эф. 5: 2). Нясіце радасць пра Уваскрэслага Госпада ў навакольны свет: у сем'і, да суседзяў, сваякоў і калег. Не бойцеся цяжкасцей жыцця веку гэтага, але перамагайце іх сілаю любові і малітвы, бесперапынна памятаючы пра тое, што ХРЫСТОС УВАСКРЭС! — Сапраўды ўваскрэс Хрыстос! Амінь!

ФІЛАРЭТ
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха 2013 года, Мінск

По-русски

church.by


В начало страницы На главную страницу Написать разработчикам: Ольге Черняк, Матвею Родову

хостинг безвозмездно предоставлен Леонидом Муравьевым