Каталіцкі касцел у ПНР у 1970-1980 гг.
Каталіцкі касцёл ПНР 1970-1980-х гадоў, яго роля ў жыцці краіны ва ўмовах палітычна-гаспадарчага крызісу, да гэтага часу прыцягвае ўвагу даследчыкаў. У сувязі з гэтым, паспрабуем паказаць становішча касцёла ў гэты перыяд.
На пачатку 70-ых гадоў у Польшчы дзейнічала звыш 30 цэркваў і веравызнаўчых саюзаў, але менавіта Каталіцкі Касцёл выдзяляўся колькасцю вернікаў, матэрыяльным становішчам і тым уплывам, які ён аказваў на абставіны ў краіне.
Першая касцельная інфармацыя аб колькасці каталікоў у веравызнаўчай структуры ПНР пасля ІІ Сусветнай вайны была атрымана з дыяцэзіяльнай анкеты 1971 г., якая была праведзена Установай Сацыялогіі Рэлігіі Аб'яднання Каталіцкага апостальства пад кіраўніцтвам ксяндза прафесара Вітальда Зданевіча. Паводле гэтых дадзеных на 32 млн. 749 тыс. жыхароў ПНР было 30 млн. 749 тыс. каталікоў, гэта значыць 93,4 % ад усяго насельніцтва Польшчы (ад 51,5% — у Драгічыне да 99,1% — у Любачове) .
Паводле дыяцезіяльнай анкеты 1982 г. колькасць каталікоў крыху павялічылася ў параўнанні з 1971 г. і склала 94,6% пры лічбе насельніцтва Польшчы 36 млн. 800 тыс. .
Праз пяць гадоў, у 1987 г., паказчык каталікоў у веравызнаўчай структуры павялічыўся на 1,1% і склаў 95,7% пры колькасці насельніцтва 37 млн. 440 тыс. .
Параўнанне дадзеных за 1971 -1987гг. паказвае аднак, што трэба іх інтэрпрытаваць з пэўнай асцярожнасцю. Так, напрыклад, у Келецкай дыяцэзіі працэнт каталікоў у веравызнаўчай структуры ў 1971г. складаў 95,3%, у 1982 — 98,3% і ў 1987 96,3%; у Кракаўскай дыяцэзіі адпаведна 95,6%, 91,1% і 97,9%. Калі нават прыняць невялікае ўзрастанне паказчыку каталікоў ў 1971-1987гг. у маштабе ўсёй краіны як праўдападобны ( 2,3%), то змены гэтых паказчыкаў у некаторых дыяцэзіях указваюць на пэўную недакладнасць.
Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што дадзеныя, якія датычацца колькасці каталікоў у веравызнаўчай структуры, інфармуюць пра лічбу каталікоў намінальных, гэта значыць ахрышчаных у рыма-каталіцкім касцёле, а не пра ступень рэлігійнасці грамадства. Адначасова, у 1977-1978гг. вернікамі лічылі сябе 85% , а ў 1983г. — амаль 92% апытаных . Прыводзяцца і іншыя лічбы: на 1982г. колькасць вернікаў дайшла да 95% .
Безумоўна, перыяды росту рэлігійнасці ў пэўнай меры былі звязаны з палітычнымі і эканамічнымі крызісамі. Бачна, што і крызіс 80-х гадоў паўплываў на рост рэлігійнасці палякаў.Пры гэтым гутарка ідзе не пра тое, што ўсе гэтыя людзі, што дэкларуюць сваю веру ў Бога, з'яўляюцца сапраўды вернікамі. Гэтыя дэкларацыі пра веру часцей за ўсё адзначаюць не актыўнае рэлігійнае жыццё, а светапоглядную арыентацыю. У той жа час такая вялікая частка грамадзян, што дэкларуюць сваю веру, прыводзіць да таго, што пытанне пра рэлігійнасць пераўтвараецца ў палітычную праблему.
У сувязі с гэтым паспрабуем прааналізаваць тэндэнцыі адносін палякаў да рэлігіі і рэлігійных практык у першай палове 80-х гадоў. Так, апытанне моладзі ў 1980 г. высветліла наступнае: глыбока верылі 19,8% апытаных, верылі — 49,2%, у прынцыпе верылі, але мелі сумненні — 17 %, пытанне не вырашылі — 3,5%, абыякавыя да рэлігіі — 3%, у прынцыпе не верылі, але былі прывязаныя да традыцыі — 3%, не верылі — 3,9%, былі рашуча супраць рэлігіі — 0,5% .
Сярод дарослых гэтыя паказчыкі наступныя (снежань 1984г.) : глыбока верылі 20,5% апытаных, верылі — 62%, не вырашылі — 9%, не верылі — 7%; рэгулярна выконвалі рэлігійныя практыкі — 42%, не рэгулярна — 37%, прызнавалі толькі найважнейшыя практыкі — 15%, зусім не практыкавалі — 5% .
Аднак пра рэлігійнасць насельніцтва сведчаць у вялікай меры рэлігійныя нядзельныя практыкі, пад якімі разумеецца імша ў нядзелі і святы як абавязковая, а таксама камунія. Удзел тых, хто прысутнічае на абавязковай імшы сярод усіх абавязаных (ва ўзросте за 7 гадоў жыцця), вызначае такі паказчык як "dominicantes". Гэтыя падлікі праводзяцца ў парафіях раз ў год, у лістападзе. "Communicantes" азначае працэнтны ўдзел тых, хто прыступае да камуніі, у адносінах прысутных на імшы.
На 1980 г. "dominicantes" складаў ад 35,3% у Лодзінскай да 73,3% у Тарноўскай дыацэзіі. У сярэднім гэты паказчык вызначаўся лiчбай у 50,6% . "Communicantes" складаў ад 10,2 % у Пшэмыскай дыяцэзіі да 19,7% у Гажоўскай. Сярэдні паказчык быў 15,5%. У 1984г. "dominicantes" складаў ад 36,5% у Людзінскай да 85% у Тарноўскай дыяцэзіі. Сярэдні паказчык вызначаўся лічбай 52,1%. "Communicantes" складаў ад 10% у Пшэмыскай да 26,3% у Ломжынскай дыяцэзіі. Cярэдні паказчык быў 17,1% .
Што датычыцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры Касцёла, якая існавала ў 70-80 гадах, то яна склалася не адразу. У 1945 г. на тэрыторыях, што былі далучаны да Польшчы пасля Другой сусветнай вайны былі ўтвораны апостальскія адміністратуры ў Гданьску, Ольштыне, Аполе, Вроцлаве і Гожаве. Адмена часовага статусу гэтых адміністратур і ўтварэнне сталых адзінак (дыяцэзій) цалкам залежыла ад Апостальскай сталіцы, якая адмаўлялася вырашаць гэтае пытанне да падпісання дагавору аб асновах нармалізацыі адносін паміж ПНР і ФРГ (г.зн. да прызнання ФРГ гэтых земляў тэрыторыяй ПНР). Гэты дагавор быў падпісаны толькі 7 снежня 1970г. .
Булай Папы Паўла VI Episcopоrom Poloniae coetus ад 28 чэрвеня 1972 г. на гэтых тэрыторыях былі ўтвораны новыя дыяцэзіі: апольская, гожаўская, шчэціньска-каменьская і кашаліньска-калабжэцкая .
Ад таго часу ў ПНР налічвалася 20 дыяцэзій, 5 метраполій (метраполію ўтвараюць некалькі дыяцэзій): Гнезненская, Познаньская, Варшаўская, Кракаўская, Вроцлаўская і 7 архідыяцэзій (архідыяцэзія-гэта дыяцэзія, у якой знаходзіцца сталіца метраполіі) .
На 1980 год у склад Біскупату Польшчы ўваходзіла 2 кардыналы, 2 арцыбіскупы, 18 біскупаў ардынарыяў, 4 апостальскія адміністратары, 51 дапаможны біскуп . Трэба ахарактарызаваць i грамадскі склад Біскупату. Звыш 50 % біскупаў паходзіла з сялянскіх сем'яў, каля 30% з сем'яў інтэлігенцыі, каля 20% — рабоча-рамесных .
Адбываецца павелічэнне колькасці парафій і дэканатаў. Так, у 1980г. іх было адпаведна 7159 і 717, у 1982г. 7715 і 745 і ў 1987г. — 8459 і 830 .
Пры гэтым ідзе пераразмеркаванне роду парафій: на 1972г. вясковыя парафіі складалі 73%, так званыя вяскова-гарадзкія 18%, гарадзкія — 9%, на 1986г. колькасць вясковых і вяскова-гарадскіх парафій зменшылася адпаведна да 67% і 16%, пры гэтым колькасць гарадскіх парафій павялічваецца да 14%, і на 3% парафый не былі атрыманы дадзеныя .
Усё гэта сведчыць пра тое, што з працэсам урбанізацыі не адбывалася значнага зніжэння рэлігійнасці насельніцтва, як гэта адбылося ў краінах Заходняй Еўропы.
Назіраецца і павелічэнне колькасці сакральных аб'ектаў (касцёлаў (парафіяльных, рэктаральных, філіяльных і законных) і капліц). У 1979 г. іх было 12213, у 1982г. — 12554, у 1987г. — 13519 .
У некаторай меры гэта было звязана з урэгуляваннем некаторых спрэчных праблем паміж урадам ПНР і Каталіцкім Касцёлам. Так, у 1971г. Сойм краіны прыняў закон, у адпаведнасці з якім уся маёмасць, што раней была канфіскавана, была бясплатна перададзена яму ва ўласнасць. У 1973 г. гэты закон быў дапоўнены дзвюма пастановамі Савета Міністраў, у выніку чаго Касцёл атрымаў у сваё распараджэнне каля 4700 касцёлаў і капліц, каля 2200 іншых збудаванняў і 870 га сельскагаспадарчых угоддзяў .
У 70-х гадах у Польшчы пачынае набіраць тэмпы касцельнае будаўніцтва. У 1971-1980 г.г. быў выдадзены 741 дазвол на будову і пашырэнне касцёлаў і капліц. А ў 80-х гадах касцельнае будаўніцтва ў ПНР стала феноменам еўрапейскага маштабу. Толькі ў 1981г. быў атрыманы 331 дазвол; у 1982-1985 г.г. — 1376 дазволаў, з іх 283 на будову касцёлаў, 18 — пашырэнне, 235 на размяшчэнне капліц, 230 — будову капліц, 15 — пашырэнне капліц, 357 — будову дамоў для выкладчыкаў катэхізісу, 189 — жылых дамоў, 18 — будовы кляштарных дамоў і 31 іншых будынкаў .
Пры гэтым хуткае і высокаякасанае ўзвядзенне касцёлаў і капліц здзяйснялася за кошт дoбраахвотных ахвяраванняў вернікаў. Прадстаўнікі Касцёла ўказвалі, што толькі 3% агульнага кошту будаўніцтва складалі ўласна касцельныя сродкі, астатняе — гэта ахвяраванні вернікаў . Акрамя гэтага, частка сакральных аб'ектаў была прынята Касцёлам ад іншых веравызнанняў у 1945 годзе і пазней. Так, на 1972 год на тэрыторыі 1265 каталіцкіх парафій знаходзілася 2429 такіх аб'ектаў (гэта каля 20% ад усёй колькасці касцёлаў і капліц), з іх былых пратэстанцкіх 2290, мар'явіцкіх — 11, праваслаўных — 36, грэка-каталіцкіх — 92 .
У сярэдзіне 80-ых у Польшчы дзейнічала 48 вышэйшых духоўных семінарый і звыш 10 семінарый ніжэйшага ўзроўню . З 1971 г. да 1987г. назіраецца ўзрастанне агульнай колькасці навучэнцаў вышэйшых духоўных семінарый (з 4088 да 9038). Потым гэтая лічба нязначна змяншаецца. У 1988г. было 9867, у 1989г. — 8819 семінарыстаў. З 1989г. змяншаецца таксама колькасць семінарыстаў першага года навучання. У 1987г. іх было 1879, у 1988г. — 1733, у 1989г. — 1592. Пры гэтым у 80-ыя гг. назіраецца асаблівы ўзрост дыяцэзіяльных неапрэзбітэраў (новавысвечаных ксяндзоў). У 1980г. іх было 470, а ў 1989г. ужо 826. Гэта азначае прырост у 356 чалавек ці 75,7% .
Ідзе і агульны ўзрост колькасці дыяцэзіяльных ксяндзоў. У 1971г. іх налічвалася 14122, у 1985г. — 16870, у 1987г. іх было ўжо 17270 . Паводле ўзросту (дадзеныя 1985г.) дыяцэзіяльных ксяндзоў да 30-х гадоў было 13%, 31-40 гг. — 25,5%, 41-50гг. — 21%, 56-60 гг. — 20,6%, 61-70гг.— 9,1%, 71г. і больш — 10,3% .Няма дакладных звестак наконт сацыяльнага паходжання святароў. Аднак у целым вядома, што найбольшая колькасць кандыдатаў у духоўнае саслоўе паходзіць з сялянскага асяроддзя .
Выхаваннем каталіцкай інтэлігенцыі, актыўных сябраў Касцёла, займаюцца некалькі каталіцкіх вышэйшых навучальных устаноў і найперш гэта Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, які паўстаў у 1918г. . У пасляваенныя гады колькасць слухачоў універсітета ўзрастала. Так, у 1967/68 навучальным годзе іх было 563, а ў 1983/84 навучальным годзе ўжо 3261 (тэалагічны факультэт — 893, факультэт кананічнага права — 253, хрысціянскай філасофіі — 365, гуманітарных навук — 921, грамадскіх навук — 829) .
Другая акадэмічная вышэйшая ўстанова — гэта Акадэмія каталіцкай тэалогіі (АКT) ў Варшаве, якая была заснавана ў 1954 г. адначасова як дзяржаўная і касцельная навучальная ўстанова. АКТ была адчынена ў якасці кампенсацыі замест скасаваных тэалагічных факультэтаў у Ягелонскім і Варшаўскім універсітэтах . Да сярэдзіны 80-х гадоў Акадэмія мела тры факультэты — тэалагічны, кананічнага права і хрысціянскай філасофіі. Потым дабавіўся факультэт касцельных гістарычных і грамадскіх навук. Пры гэтым ішло ўзрастанне колькасці як навуковых супрацоўнікаў, так і студэнтаў. Так, у 1972/73 навучальным годзе Акадэмія налічвала 208 выкладчыкаў і 915 слухачоў (факультэт тэалогіі — 372, кананічнага права — 163, хрысціянскай філасофіі — 380) .
Ад 1983г. пачала працаваць Папская тэалагічная акадэмія ў Кракаве, якая мела факультэты тэалогіі, філасофіі, гісторыі Касцёла, а таксама эклезіялагічна-марыялагічную секцыю тэалагічнага факультэта з сядзібай у Чанстахове .
Што датычыцца каталіцкіх школ, то іх практычна не было. Напрыклад у 1978-1979 навучальным годзе жаночыя законы вялі толькі 8 сярэдніх школ на ўсёй тэрыторыі ПНР . Але навучанне рэлігіі было цалкам ў кампетэнцыі Касцёла.
Паводле закона ад 15 ліпеня 1961 года "Аб развіцці сістэмы асветы і выхавання" рэлігія фармальна была выдалена са школ. Згодна распараджэння міністра асветы ад 19 жніўня 1961 г. "Па пытаннях аб пунктах катэхізацыі" навучанне рэлігіі адбывалася ў парафіяльных катэхізічных пунктах.
У 1972 г. навучаннем рэлігіі займалася 15099 чалавек, у асноўным гэта былі дыяцэзіяльныя ксяндзы — 10120 чалавек ці 67% ад агульнай колькасці, таксама законныя ксяндзы — 1671 ці 11,1%, манахіні — 2108 ці 14,0% і 7,9% ці 1200 чалавек складалі семінарысты, манахі і свецкія катэхеты.
Да 1988г. колькасць настаўнікаў рэлігіі ўзрасла да 21007 чалавек, з іх дыяцезіяльных ксяндзоў было 11436 ці 54,4%, законных ксяндзоў — 1526 ці 7,3%, манахінь — 3549 ці 16,9%, семінарыстаў, манахаў і свецкіх катэхетаў — 4496 ці 21,4% .
Што датычыцца катэхізічных пунктаў, то іх колькасць крыху ўзрасла з 21229 (12389 у касцельных будынках, 8592 у прыватных, 248 — без сталага месца) у 1979г. да 22207 (15809 у касцельных будынках і 6398 — у некасцельных) у 1987г. . У 70-х гадах быў скарочаны кантроль пунктаў катэхізацыі, у 1981г. былі ліквідаваны спрэчныя пункты адносна правядзення катэхізацыі для дзяцей і моладзі .
Крызіс 80-х паўплываў і на пашырэнне інфармацыйнай прасторы Каталіцкага Касцёла Польшчы. Калі ў 1960-1970гг. Касцёл атрымліваў дазволы пераважна на выданне службовых (інфармацыйных) і багаслоўскіх выданняў, то ў 80-ыя гады адбыўся рост касцельных выданняў, адрасаваных шырокім масам вернікаў краіны. За перыяд 1981-1984гг. Касцёл атрымаў дазвол на ўзнаўленне 10 старых (забароненых у 50-ыя гады) і выданне 22 новых часопісаў.
У канцы 70-х — пачатку 80-ых гадоў узнавілі свае выданні законы, а з пачатку 80-х гадоў пачынае выходзіць дыяцэзіяльная прэса, якая выдавалася курыямі для вернікаў. На 31 сакавіка 1984г. у ПНР выходзіла 113 каталіцкіх газет і часопісаў, агульным аднаразовым тыражом 1950 тыс. экзэмпляраў, што складала каля 5% назваў і каля 4% тыражу перыядычных выданняў краіны .
З 1980 г. у ПНР тыражом у 120 тыс. экзэмпляраў распаўсюджваецца на польскай мове уласнае выданне Ватыкана — газета "L'Osservatore Romano". У гэты перыяд узнаўляюць сваю дзейнасць зачыненыя раней каталіцкія выдавецтвы, такія як "Michalineum", Салезіянскае Выдавецтва і паўстаюць новыя (Выдавецтва Ксяндзоў Марыянаў і іншыя).
У 1987г. дзейнічалі 32 каталіцкіх выдавецтва, а ў 1989г. іх было ўжо 46 .
Акрамя гэтага, 21 верасня 1980 года ўпершыню была перададзена нядзельная служба па радыё. З тых часоў такія перадачы праводзяцца рэгулярна. Гэта стала магчымым у выніку падпісання дамовы ў Гданьску паміж кіраўніцтвам ПНР і забастоўшчыкамі-рабочымі 31 жніўня 1980г., пасля чаго прадстаўнікі сакратарыяту біскупату Польшчы і кіраўніцтва ў справах веравызнанняў прыступілі да абмеркавання пытанняў, звязаных з перадачай нядзельных служб па польскім радыё .
Такім чынам, бачна, што ва ўмовах сацыяльна-палітычнага крызісу 1970-1980 гадоў Каталіцкі Касцёл павялічваўся ў сваіх колькасных і якасных паказчыках i адначасова захоўваў гэтую тэндэнцыю на працягу гэтага перыяду.
Литература:
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. S.50
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. S.51
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. S.51-52
Хжановский К. Католическая церковь в ПНР. Структура. Аппарат // Католическая церковь в ПНР в 80-х годах. Сборник научных трудов. M.,1988. С.24
Люкс Л. Церковь и государство в коммунистической Польше: анатомия освобождения. // Славяноведение. — М., 1996. – № 2.С.60
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. S.166
Там же
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. S.172
Правда, 8 декабря 1970. С.4
Mullerowa L.. Organizacja terytorialna Koњciуіa Katolickiego w Polsce w 1980 roku. // Panstwo, Koњciot, niepodlegіoњc. – L., 1986. C.225,228
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. C.115
Mullerowa L.. Organizacja terytorialna Koњciуіa Katolickiego w Polsce w 1980 roku. // Panstwo, Koњciot, niepodlegіoњc. – L., 1986. C.225
Anusz A. Anusz A. Samotnie wњrуd wiernych. Koњciуі wobec przemian politycznych w Polsce 1944- 1994. – W., 1994. S.77
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. C.127
Там же
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.207
Взаимоотношения между государством и церковью в ПНР: Современное состояние и проблемы развития // Церковь в социалистических странах. Реферативный сборник. – М., 1987. С.125
Хжановский К. Католическая церковь в ПНР. Структура. Аппарат // Католическая церковь в ПНР в 80-х годах. Сборник научных трудов. M.,1988. С.8
Взаимоотношения между государством и церковью в ПНР: Современное состояние и проблемы развития // Церковь в социалистических странах. Реферативный сборник. – М., 1987. С.142
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991.
Хжановский К. Католическая церковь в ПНР. Структура. Аппарат // Католическая церковь в ПНР в 80-х годах. Сборник научных трудов. M.,1988. С.6
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.145
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.133
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.137
Хжановский К. Католическая церковь в ПНР. Структура. Аппарат // Католическая церковь в ПНР в 80-х годах. Сборник научных трудов. M.,1988. С.6
Dzieje Koњciуіa w Polsce: Tablice chronologiczne. – L., 1993.С.5
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.248
Dzieje Koњciуіa w Polsce: Tablice chronologiczne. – L., 1993. С.71
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.249
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.239-240
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.240
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991.С.257
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.257,258
Взаимоотношения между государством и церковью в ПНР: Современное состояние и проблемы развития // Церковь в социалистических странах. Реферативный сборник. – М., 1987. С.143
Взаимоотношения между государством и церковью в ПНР: Современное состояние и проблемы развития // Церковь в социалистических странах. Реферативный сборник. – М., 1987. С.141
Koscioі Katolicki w Polsce 1918-1990. Rocznik statystyczny. – W., 1991. С.290, 303
Взаимоотношения между государством и церковью в ПНР: Современное состояние и проблемы развития // Церковь в социалистических странах. Реферативный сборник. – М., 1987. С.140
|