|
www.sobor.by
/ Просвещение / Публицистика
Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Сакура для апостала
У новым сталiчным мiкрараёне Каменная Горка зарэгiстраваны праваслаўны прыход у iмя свяцiцеля Мiкалая Японскага. Ва ўсiм свеце ўсяго некалькi храмаў асвячоныя ў iмя гэтага святога: тры — у Японii, два — Расii, адзiн — у Афрыцы, ёсць прыход у штаце Калiфорнiя (ЗША), i вось цяпер створана абшчына, а значыць, будзе i храм — у Беларусi. Што ж гэта за чалавек быў — архiепiскап Мiкалай Японскi, якi звязаў такiя розныя мясцiны на нашай планеце? Пра асобу святога, а таксама пра адметнасцi новага прыходу ў Мiнску аглядальнiку "Звязды" расказаў настаяцель Мiкола-Японскага храма iерэй Павел СЯРДЗЮК.
Японская вулiца
— Айцец Павел, цi вызначана ўжо месца пад храм?
— Так, гэта за два кварталы ад станцыi метро "Каменная Горка". Храм iмя свяцiцеля Мiкалая Японскага будзе знаходзiцца ў будучай зялёнай зоне, на скрыжаваннi вулiц Калеснiкава i 6-й праектуемай. Назвы ў 6-й праектуемай вулiцы пакуль няма, ёсць магчымасць назваць яе Свята-Мiкольскай альбо як-небудзь звязаць назву з Японiяй.
— Пра свяцiцеля Мiкалая Японскага мы не так шмат ведаем. Раскажыце гiсторыю назвы прыхода.
— У 2007 годзе на пясяджэннi Свяшчэннага Сiнода была прынятая канцэпцыя мiсiянерскай дзейнасцi Рускай Праваслаўнай Царквы — гэта дакумент, якi мае на ўвазе стварэнне ў кожнай епархii мiсiянерскага аддзела i мiсiянерскага прыхода. Гэта з'ява дастаткова новая...
— Для нашага часу.
— Так, для нашага часу. Вельмi складана вызначыць: мiсiянерскi прыход альбо не, бо ў любой абшчыне акрамя богаслужэбнай дзейнасцi ажыццяўляецца тая альбо iншая асветнiцкая i сацыяльная. Напэўна, для мiсiянерскага прыхода вельмi важна, найперш, стварэнне ўмоў для больш арганiчнага ўваходжання людзей у храмавае жыццё. Я бачу задачу прыхода Мiкалая Японскага менавiта у тым, каб людзi, якiя асацыююць сябе з праваслаўем, але не ведаюць веры, прыйшлi ў храм i знайшлi тут адказы i апору. Трэба задзейнiчаць розум праз усе бакi жыцця абшчыны. Дзеля гэтага, калi будзе на тое блаславенне кiруючага архiерэя, мы будзем праводзiць богаслужэннi з тлумачэннем.
— Гэта нешта новае?
— Хутчэй — забытае былое. Сутнасць у тым, што, згодна з царкоўным статутам, падчас усяночнага няспання належыць шэсць разоў звяртацца да вернiкаў са словам пропаведзi. Але цяпер такога няма. Мiж тым гэта — тлумачэнне асноўных iсцiн веры.
На гэтых землях набажэнства з самага пачатку было мiсiянерскiм. У гэтым сакрэт поспеху святых братоў Кiрылы i Мяфодзiя. А цяпер i гэта не сакраэт, Царква ўспрымаецца многiмi акультна. Асвячэнне, хрышчэнне, вянчанне, ахвяра — усё зводзiцца да нейкiх магiчных дзеянняў. Калi чалавек магiчна ўспрымае Царкву, неабходна контрмера, асветнiцтва розуму, дэманстрацыя таго, што гэта не так. Таму некаторыя рэчы трэба тлумачыць.
Лiчу таксама вельмi карысным увядзенне агульнанароднага спявання. Яшчэ адзiн варыянт — гутаркi па-за набажэнствам.
— Але спачатку чалавек павiнен прыйсцi ў храм...
— Чалавек можа прыйсцi ў храм праз удзел у сацыяльных праектах. Таму мы плануем супрацоўнiчаць з адмiнiстрацыяй раёна.
— Такiм чынам у новым сталiчным мiкрараёне Каменная Горка створаны менавiта мiсiянерскi прыход. I iмя Мiкалая Японскага абрана не выпадкова.
— Калi пачытаць дзённiкi свяцiцеля, то яго асоба не можа не скарыць. Да таго ж, людзям больш зразумелыя святыя, якiя псiхалагiчна роднасныя, больш блiзкiя па часе. Мiкалай Японскi быў уцягнуты ў супярэчлiвыя гiстарычныя працэсы Расii, калi ўжо адбываўся распад дзяржавы. Але для мяне самае каштоўнае тое, што свяцiцель Мiкалай прапаведаваў не абапiраючыся на механiзмы дзяржаўнай улады. Сёння праваслаўныя хрысцiяне ў Беларусi часта супакойваюць сябе наяўнасцю дамоўленасцi з дзяржавай, стабiльнасцю i забеспячэннем статусу-кво ў дачыненнi да сваёй перавагi. Гэта паралiзуе сiлы. Мы бачым, што ёсць канфесii, якiя больш дынамiчна развiваюцца. Нараджаецца незадаволенасць з-за таго, што нехта працуе з наркаманамi, паспяхова развiвае сетку сацыяльнага служэння — раптам, нейкiм чынам, мы пачынаем думаць па-сектанцку. А сектанцкае мысленне — непаўнацэннае. Праваслаўе ж — гэта паўната благадацi, Дароў Духа Святога.
— Дык чаму праваслаўныя пачынаюць думаць па-сектанцку?
— З-за зайздрасцi тым, хто актыўны. У той час як самi знаходзiмся ў стане самнамбулiзму. Фiгура свяцiцеля Мiкалая здольная натхнiць, паслужыць прыкладам.
Вядомы цiкавы факт, вельмi значны i прадвызначальны. Будучы свяцiцель Мiкалай Японскi — студэнт чацвёртага курса Пецярбургскай Духоўнай Акадэмii Iван Касаткiн — выпадкова ўбачыў абвестку пра тое, што патрабуецца настаяцель пасольскай царквы ў Японii. Але абвестка гэта з'явiлася пасля таго, як у Сiнод звярнуўся першы рускi консул у Японii Iосiф Гашкевiч. А Iосiф Гашкевiч, вядомы дыпламат i ўсходазнаўца, нарадзiўся ў Рэчыцкiм павеце Мiнскай губернi, цяпер гэта Гомельская вобласць. Бацька Iосiфа Гашкевiча быў святаром у Свята-Мiхайлаўскай царкве вёскi Стралiчава пад Хойнiкамi. Так што тут ёсць жывая сувязь з Беларуссю.
— Атрымлiваецца, што беларус па нараджэннi Iосiф Гашкевiч сто з лiшнiм гадоў таму знайшоў не толькi мiсiянера для Японii, але i натхняльнiка мiсiянерства для сваёй Бацькаўшчыны.
— Дарэчы, сам свяцiцель нарадзiўся ў Смаленскай губернi — таксама на гiстарычна беларускiх землях. У той час, калi ён патрапiў у Японiю, да замежнiкаў там ставiлiся з вялiкай падазронасцю, асаблiва прадстаўнiкi традыцыйных саслоўяў — самураi: як да людзей, якiя хочуць паглынуць, асiмiляваць i знiшчыць самабытнасць Японii. Але да iх светапогляду, светаадчування iераманах Мiкалай падыходзiць з iншай меркай. Ён не ставiць сваёй задачай пераварочванне свядомасцi вялiкай колькасцi людзей. Ён уважлiва вывучае мову, культуру i рэлiгiю Японii. Ён часта знаходзiцца ў сiнтаiцкiх i будысцкiх храмах. З'ява для мiсiянера неверагодная — немагчыма ўявiць сабе праваслаўнага святара ў язычнiцкiм капiшчы. Айцец Мiкалай не дазваляў сабе абражаць рэлiгiйныя пачуццi японцаў. Напэўна таму ён i здолеў заснаваць Праваслаўную Царкву ў Японii. Першы японец, свядомасць якога ён перавярнуў i якi потым стаў самым першым святаром-японцам, быў самураем, i спачатку ён шчыра жадаў праваслаўнаму iераманаху смерцi, але быў пераможаны цiхай любоўю будучага свяцiцеля.
Нездарма Царква называе гэтага святога роўнаапостальным. Гэты тытул звязаны з апостальскай мiсiяй — нясеннем Евангелля народу, якi яго яшчэ не чуў. Разам з тым, у Мiкалая Японскага былi рысы, якiя адлюстраваныя ў словах апостала Паўла: "Мы... былi цiхiя сярод вас, падобна як кармiлiца пяшчотна абыходзiцца з дзецьмi сваiмi". Пяшчота i адкрытасць уласцiвыя людзям, якiя глыбока пазналi iсцiну веры хрысцiянскай, убачылi яе прыгажосць, i для iх Хрыстос — гэта не iдэалагiчныя лозунгi, а Жыццё вечнае, рэкi вады жывой, якiя цякуць з iх сэрца. Гэта не патрабуе нейкай iдэалагiчнай барацьбы з апанентамi. Гэта сведчанне адкрытасцi i гэта вельмi прываблiвае ў асобе свяцiцеля. З яго дзённiкаў, якiя цяпер апублiкаваныя, мы ведаем усе яго патаемныя думкi, увесь цяжар працы, усю часам безнадзейнасць, якую ён адчуваў пры гэтым. Але дзякуючы яму ў Японii з'явiлася 35 тысяч праваслаўных хрысцiян.
Мы, вядома ж, жывём не ў атачэннi iншаверцаў, але бывае вельмi складана звярнуцца са словам пропаведзi нават да аднаверцаў, да тых, хто iдэнтыфiкуе сябе з праваслаўем. У гэтым сэнсе мы ў тым, што рабiў свяцiцель Мiкалай, падобныя.
Зварот без альтэрнатывы
— Якая галоўная складанасць пры звароце да сучаснiкаў?
— Складанасць не ў тых, да каго звяртаешся, а ў тым, хто звяртаецца, i з чым. Усякае слова будзе прынятае сэрцам чалавека, калi ён разумее, што яно iдзе ад сэрца. Таму так важны асабiсты прыклад прапаведнiка, яго адпаведнасць гэтаму слову. Безумоўна, можна пацешыць сябе думкай пра мiсiянерства, пра тое, што ёсць смеласць звяртацца да людзей, гэта натхняе, захоплiвае, але, з iншага боку, мы ведаем, чым скончылася пропаведзь айца Данiiла Сысоева. Стрэлам. I мы таксама павiнны ўвесь час памятаць пра гэта. Слова пропаведзi Евангельскай — гэта слова, якое чалавек выказвае, не маючы альтэрнатывы. Бог дакрануўся да сэрца, i чалавек, якi атрымаў дар прапаведнiцтва, пераўтвараецца ў Голас. Гэта служэнне можа паварочвацца рознымi бакамi для самога вяшчальнiка. Таму, з аднаго боку, смела называць прыход мiсiянерскiм, бо маецца на ўвазе, што ён будзе неяк вылучацца. Але з iншага боку — гэта адказнасць.
Свяцiцель Мiкалай Японскi знайшоў такiя словы i паказаў такi прыклад сваiм жыццём, якiя натхнiлi людзей зусiм iншых па светапоглядзе. I тое, што гэты чалавек, якi быў рускiм i да канца сваiх дзён сумаваў па радзiме, змог палюбiць чужы для яго народ, з iншым светапоглядам, — гэта вялiкi подзвiг сэрца. Калi архiепiскап Мiкалай Японскi памёр, iмператар Японii прыслаў на яго магiлу свой асабiсты вянок. Гэта адзiны замежнiк, якi ўдастоiўся такой пашаны.
— Праз захапленне асобай Мiкалая Японскага вы самi цi не захапiлiся японскай культурай?
— Так, захапiўся. Мне цiкавы досвед Японii тым, што гэта краiна доўга захоўвала сваю iдэнтычнасць. Яна была закрытай да сярэдзiны ХIХ стагоддзя. Хоць сёння секуляцыйныя i глабалiзацыйныя працэсы там праходзяць таксама актыўна, але тым не менш застаюцца i ўнiкальная паэзiя, i кодэкс самурая... Маё першае знаёмства з японскай культурай адбылося яшчэ ў школе, дзе настаўнiк на этыцы парэкамендаваў прачытаць "Галiну сакуры" Усевалада Аўчыннiкава. Холад у дамах, прастата абсталявання, калiграфiя, засяроджанасць на сузiраннi, нейкая трэнiроўка душы, важная i для практыкi хрысцiянскай аскезы...
— Цi значыць гэта, што памiж сузiраннем у японскай культуры i сузiраннем хрысцiянскiм няма супярэчлiвасцi?
— Нейкiя пераклiчкi ёсць, але дасягаюцца розныя мэты. Хрысцiянскае сузiранне мае на ўвазе стварэнне ўнутранай малiтвы. А японцы iмкнуцца дасягнуць унутранай канцэнтрацыi. Але ў любым выпадку, японцы такiм чынам, яшчэ нават у школе, вучацца сузiраць прыроду. Ёсць i рэчы ў японскай культуры, для хрысцiянства непрымальныя. Напрыклад, гiпертрафаваны эратызм. Там нiхто не табуiруе эротыку. Гэта не значыць, што хрысцiянства скоўвае чалавека, але нейкiя рэчы павiнны быць усё ж такi табуiраваныя, каб тайна не губляла сваёй прывабнасцi.
Праз сад камянёў
— А яшчэ, вы ведаеце, я чамусьцi iнтуiтыўна адчуваю, што культурная сувязь з Японiяй, якая, я спадзяюся, у прыхода з часам усталюецца, дапаможа знайсцi адказы на пытаннi аб уласнай самаiдэнтычнасцi. Я не ведаю, у чым тут механiзм, але вельмi часта ўсе нашы пошукi ўнутраных адказаў маюць iдэалагiчна-палiтычную афарбоўку. А гэта ўсё крайнасцi, якiя не даюць сапраўдных адказаў. Выраз "Жыве Беларусь!" атаясамлiваецца не з вершамi Янкi Купалы, а з палiтычнымi рухамi. Гэта ўсё з'яўляецца манiфестацыяй падзелу нашага грамадства. Таму, думаю, калi б мы змаглi зразумець культурныя коды Японii, магчыма, мы б набылi тыя механiзмы, якiя дапамагаюць асэнсаваць, зразумець, навучыцца сузiраць сваю ўласную iдэнтычнасць.
— А гэта патрэбна?
— Безумоўна, гэта абавязкова патрэбна.
— Але ж большасць людзей жывуць i да канца сваiх дзён не задумваюцца пра сваю iдэнтычнасць.
— Святару часта даводзiцца быць сведкай смерцi. Адзiн выпадак мне асаблiва запомнiўся. Калi чалавек перад смерцю прамовiў: "Так i не зразумеў, навошта жыў".
— Як разуменне сэнсу жыцця суадносiцца з пошукам сваёй iдэнтычнасцi?
— Напрыклад, японцы сузiраюць цвiценне сакуры i адчуваюць сваю прыналежнасць да навакольнага свету. А мы гвалтам прымушаем прыроду служыць нам, прыходзiм i запаўняем яе сваiмi аб'едкамi. Мы паводзiм сябе як дзiкуны. Мы зусiм аўтаномныя адзiн ад аднаго, i ад прыроды...
— Дык што, чалавек, якi больш звязаны з iншымi людзьмi, якi здольны заўважаць прыгажосць прыроды, гарантавана не будзе памiраць з думкай: "Так i не зразумеў, навошта жыў"?
— Не сумняваюся, што ён наблiзiцца да адказу. Сутнасць тут вось у чым. Ёсць язычнiкi, якiя не ведаюць Хрыста, але яны значна глыбей разумеюць сутнасць таго, што адбываецца, чым мы — людзi, якiя жывуць на зямлi, больш за 2 тысячы гадоў асвечанай Дабравесцем. Мы жывём нiбы ў адзiн бок. Такое ўражанне, што мы ў некаторай ступенi звар'яцелi. За галоўны прынцып свайго жыцця мы ўзялi сацыяльна-эканамiчныя пераўтварэннi. Мы спадзяёмся, што гэтыя пераўтварэннi вырашаць усе праблемы. Пераўтварэннi адбываюцца, а праблемы нашы не вырашаюцца. Мы рэальна сталi жыць лепей. Паглядзiце, што сёння людзi купляюць да навагодняга стала. Раней мы пра гэта i марыць не смелi. Але што адбываецца ў душы чалавека? Там чамусьцi аўтаматычна росквiту не адбываецца. Таму вельмi важна адказваць на ўнутраныя, праклятыя пытаннi: "Хто я? Навошта жыву? Якое маё прадвызначэнне?" Гэта патрабуе засяроджвання, самапаглыблення. Язычнiкi на гэта здольныя. А хрысцiяне ад гэтага адмовiлiся.
У нас цяпер пануе надта прымiтыўная жыццёвая фiласофiя: аванс, палучка, шопiнг, серыял. Я не хачу кагосьцi абвiнавачваць, бо мы ўсе вiнаватыя — мы пагаджаемся на такое жыццё. Таму, магчыма, паглыбленне ў чужую культуру дапаможа нам знайсцi свае ўласныя шляхi. Маю на ўвазе менавiта культуру, не рэлiгiю нават. Жыць па Евангеллi — наша прамая задача. Мiсiянерскi прыход можа ўключыць у сябе i тых людзей, якiя не ўдзельнiчаюць у набажэнствах, але жыццё храма павiнна прапанаваць гэтым людзям нешта, што можа iх прывабiць. Трэба ўключыць культурную частку грамадства. Для нашага прыхода любы чалавек, якi спавядае прынцыпы прыгажосцi — паплечнiк. А крок да Хрыста — гэта ўжо наступны этап. Гэты крок чалавек робiць самастойна. Хоць могуць быць i тыя, хто пакажа кiрунак.
На самым пачатку
— Што прыход уяўляе сабой цяпер?
— Сёння гэта згуртаванне сяброў. Пакуль прыходу няма дзе малiцца. Мы прайшлi этапы падрыхтоўкi дакументацыi для пачатку работы над архiтэктурным праектам. Ёсць архiтэктар, з якiм мы працуем. Канцэпцыя такая: паспрабаваць адлюстраваць гiстарычныя рэалii, сучаснiкам якiх быў Мiкалай Японскi. Мы заклалi гэту канцэпцыю ў архiтэктурнае рашэнне храма ў стылi класiцызму. Мне здаецца, што ў сучасныя новабудоўлi такi храм добра ўпiшацца.
Да таго ж Беларусь — гэта сустрэча дзвюх культур: усходне-праваслаўнай i заходне-хрысцiянскай. Таму ёсць задума ў экстэр'еры адлюстраваць уплыў заходняй культуры на нашу Айчыну, а ў iнтэр'еры цалкам стварыць атмасферу ўсходне-хрысцiянскага светаадчування. Гэты сiнтэз у наступным будзе распрацоўвацца ва ўзаемадзеяннi з архiтэктарамi i iканапiсцамi. Калi атрымаецца не пошлая эклектыка, то будзе добра.
Яшчэ ёсць жаданне ў ландшафтным дызайне адлюстраваць элемент Японii, закласцi сад сакуры, стварыць нейкую тэрыторыю для магчымага сузiрання яе цвiцення, дзiцячую пляцоўку, а калi дазволiць плошча нашага ўчастка, то i спартыўную. Каменная Горка — раён малады, тут шмат сацыяльнага жылля, сем'яў з дзецьмi. Хацелася б максiмальна зрабiць жыццё прыхода ўключаным у жыццё мiкрараёна. Магчыма, варта зрабiць асобныя ўваходы на тэрыторыю, падзялiць яе на зоны, каб кожны адчуваў тут сябе ўтульна, i хоць бы вiзуальна знаходзiўся пад шатамi храма.
Гiпермаркеты — яны не прыгожыя, яны функцыянальныя, таму яны ангарападобныя, гэта вялiкiя склады, i чалавека гэта не выхоўвае эстэтычна. А чалавек, якi прыйдзе на тэрыторыю храма, убачыць нешта прыгожае.
— Якiм чынам жыхарам новага мiкрараёна далучыцца да прыхода?
— Перш за ўсё праз малiтву аб будаўнiцтве храма. Пакуль што малiцца можна кожнаму ў сябе дома. Усякае жыццё абшчыны пачынаецца з Еўхарыстыi — Лiтургii, з магчымасцi сходу. Мы шукалi магчымасць часовага памяшкання, якое магло б знаходзiцца ў нежылым фондзе, але нам пакуль былi прапанаваныя надта дарагiя варыянты. Мы спадзяёмся, што ў найблiжэйшы час будзе вырашана пытанне з усталяваннем паклоннага Крыжа, тады пачнуцца набажэнствы на свежым паветры ля Крыжа. А пакуль можна звязвацца па тэлефоне: (297) 01 99 55, (291) 26 82 63 i па электронным адрасе: 7019955@gmаil.соm
— Айцец Павел, раскажыце трошкi пра сябе.
— Я нарадзiўся ў 1975 годзе ў сям'i студэнтаў (потым служачых) у вёсцы Майсееўшчына Барысаўскага раёна. Гэта практычна мяжа з Вiцебскай вобласцю. Бацька — зубны ўрач-пратэзiст, мацi — настаўнiца рускай мовы i лiтаратуры ў школе. Другая мая малая радзiма, духоўна для мяне значная, Лельчыцкi раён. Туды, у вёску Мiлашэвiчы, бацькi трапiлi па размеркаваннi. Мы пражылi там два гады. Бацька працаваў галоўным урачом вясковай бальнiцы, нашу сям'ю там памятаюць дагэтуль. Гэта Тураўшчына, тэрыторыя Прыпяцкага запаведнiка. У Тураве, дарэчы, у 1977 годзе мяне хрысцiў у храме Усiх Святых, што на могiлках, протаiерэй Уладзiмiр Столяр. Вучыўся я ў сярэдняй школе Жодзiна. Там мае сябры, там, у многiм дзякуючы дзейнасцi архiмандрыта Аляксiя (Шынкевiча), пачыналася маё ўваходжанне ў жыццё Царквы.
Вучыўся ў Iнстытуце парламентарызму i прадпрымальнiцтва на кафедры палiталогii. Тое, што я яго не скончыў, лiчу вялiкай сваёй памылкай. Потым стаў актыўна ўдзельнiчаць у жыццi прыхода ў гонар святога праведнага Iаана Кранштацкага, ён размешчаны ў будынку фiзкультурна-аздараўленчага комплексу завода "Атлант". Там было шмат маладых людзей. Адтуль я паступiў у Мiнскую духоўную семiнарыю, туды быў рукапаложаны ў дыяканы, потым два гады служыў там святаром. Праз два гады мяне прызначылi настаяцелям палкавога храма ў гонар святога пакутнiка Iаана Воiна ў пасёлку Аколiца Мiнскага раёна. Потым служыў у храме iмя iконы Божай Мацi "Сысканне загiнулых" у Мiнску, вядомым як Чарнобыльская званiца, там моляцца аб спачыне загiнулых лiквiдатараў чарнобыльскай аварыi. З 6 кастрычнiка 2009 года мяне прызначылi настаяцелям храма ў гонар свяцiцеля Мiкалая Японскага.
— Матушку сваю знайшлi ў Жыровiчах?
— Не, мы даўно ведалi адно аднаго. Яна стала маiм апосталам — чалавекам, дзякуючы якому я прыйшоў у Царкву.
— Колькi ў вас дзетак?
— Чацвёра.
— Маленькiя?
— Сем, пяць, два гады i пяць месяцаў.
zviazda.by
|