Маляваныч у гасцях у Станькава
Аляксандр Ждановіч – беларускі ак-тцёр тэатра і кіно. Ён добра вядомы ўсім беларускім дзеткам як Маляваныч, які з 1996 года вядзе перадачу «Калыханка». Дагэтуль ён заваяваў прыхільнасць маленькіх гледачоў у ролі Слаўкі-Забаўкі, вядучага калісьці папулярнага тэлепраекта “Літарынка”.
Разам з жонкай, артысткай тэатра лялек Людмілай Аляксандр падарыў станькаўцам вясёлы спектакль – інтэрпрэтацыю вядомай казкі “Айбаліт”. Адметнай асаблівасцю пастаноўкі стаў актыўны ўдзел у сюжэце як дзяцей, так і дарослых. Разам з артыстамі гледачы “будавалі” карабель, змагаліся з Бармалеем, адгадвалі загадкі, танцавалі, а некаторым нават пашанцавала паспрабаваць сябе на сцэне! У талена-вітым выкананні Аляксандра не адчувалася ніводнай ноткі фальшы. Ён ад душы весяліўся разам з гледачамі. Адразу падкрэслім, што спектакль праходзіў бясплатна для ўсіх жадаючых. Муж і жонка Ждановічы ў апошнія гады шмат працуюць у разнастайных дабрачынных праектах, удзельнічаюць у духоўна-асветніцкай місіі Свята-Елісавецінскага манастыра, што знаходзіцца ў Мінску. Аляксандр расказаў, што па-сапраўднаму прыйшоў да праваслаўя ўслед за Людмілай. Разам яны курыруюць дзіцячы тэатр пры манастыры, працуюць з цяжка хварэючымі дзецьмі. Таксама ў апошні час Аляксандр захапіўся іконапісам і старанна вучыцца гэтаму няпростаму высокаму мастацтву пры майстэрнях манастыра. “Я яшчэ толькі вучань, – сціпла ўсміхаецца артыст, – нават не ведаю, ці здолею калісьці назвацца майстрам. Але цяжка знайсці словы, каб перадаць усё захапленне ад гэтага цудоўнага рамяства! Працуючы, адчуваеш такое непаўторнае святло ў душы…”
Пасля прадстаўлення акцёры ахвотна фатаграфаваліся з удзячнымі прыхільнікамі іх творчасці. У той жа дзень Аляксандр і Людміла Ждановічы наведаліся ў Станькаўскі дзіцячы дом, дзе, сабраўшы групу школьнікаў сярэдняга ўзросту, арганізавалі для іх цікавыя заняткі. Напачатку Маляваныч па-акцёрску прачытаў для слухачоў казачнае апавяданне “Таямніца старога куфэрка”. Гэта твор з дзіцячай літаратурнай серыі “Насця і Мікіта” новага выдавецкага праекта праваслаўнага часопіса “Фама”. Ідэя праекта ў тым, каб зрабіць героямі кніжак сучасную сям’ю, дзе падрастаюць дзеці Насця і Мікіта, трапляючы ў розныя жыццёвыя ці казачныя сітуацыі. Наогул у гэтай серыі прадстаўлены творы па шасці напрамках – апавяданні, казкі, вершы, біяграфіі, веды, вандроўкі.
Прычым, аўтары – пераважна маладыя, пакуль што мала вядомыя, але надзвычай таленавітыя пісьменнікі і мастакі, здольныя гаварыць з дзеткамі аб актуальных праблемах і пытаннях па-сучаснаму і зразумела. Аляксандр Ждановіч падкрэсліў для выхавальнікаў дзіцячага дома, што творы гэтай серыі прапагандуюць маральныя, сямейныя і патрыятычныя каштоўнасці, могуць стаць адным з лепшых адказаў на сучасны крызіс дзіцячай літаратуры.
Пра тое, што выступленне Маляваныча надзвычай спадабалася дзецям, сведчыла перш за ўсё пільная ўвага, з якой яны слухалі казку. А таксама і шчыры азарт, які апанаваў слухачоў пасля, калі Аляксандр і Людміла прапанавалі ім намаляваць ілюстрацыі да праслуханай гісторыі.
Развіталіся надвячоркам. Пакуль ішло фантазійнае маляванне, шмат гаварылі пра ўласна казку, але і пра жыццё-быццё, пра творчасць увогуле. Аляксандр з цікавасцю разглядаў фотаальбомы з прыгодамі станькаўскіх выхаванцаў…
І хоць сцюжа стаяла на двары, ў пакоі дзіцячага дома было сонечна, цёпла і ўтульна. Ад душы.
"Сцяг Кастрычнiка"
|